Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа сустрэнецца з прадстаўнікамі карэнных народаў Канады

Епіскапат Канады паінфармаваў, што 17-20 снежня 2021 г. у суправаджэнні невялікай групы канадскіх біскупаў у Ватыкан прыбудуць прадстаўнікі карэнных народаў гэтай паўночнаамерыканскай краіны.

Ян Глінскі – Vatican News

У складзе дэлегацыі, з якой сустрэнецца Папа, будуць ахвяры злачынстваў, якія здзяйсняліся ў школах-інтэрнатах для дзяцей індзейскага паходжання. “Шлях да аздараўлення доўгі, але мы верым, што гэта будзе важная веха ў намаганнях Каталіцкага Касцёла на карысць аднаўлення, умацавання адносін і паяднання з карэннымі народамі ва ўсім свеце“, - адзначыў старшыня епіскапату Канады біскуп Раймон Пуасон.

Святы Айцец правядзе прыватную сустрэчу з дэлегатамі карэнных жыхароў, якія таксама змогуць распавесці Пантыфіку пра свае спадзяванні і чаканні, звязаныя з яго магчымай пілігрымкай у Канаду.

У склад дэлегацыі ўвойдуць асобы з усёй Канады, якія будуць прадстаўляць розныя веравызнанні і мовы. Кожны дэлегат прадставіць сваё бачанне гісторыі каланіялізму і дзейнасці школ-інтэрнатаў.

27 кастрычніка 2021 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы абнародавала паведамленне адносна гатоўнасці Святога Айца здзейнісць падарожжа ў Канаду. “Канферэнцыя Біскупаў Канады запрасіла Святога Айца Францішка здзейсніць Апостальскі візіт у Канаду, у тым ліку ў кантэксце даўняга душпастырскага працэсу прымірэння з карэннымі народамі. Яго Святасць выказаў гатоўнасць адправіцца ў краіну ў час, які будзе вызначаны пазней”, - гаварылася ў ватыканскім паведамленні.
 

12 лістапада 2021, 09:04