Пошук

Падчас малітвы ў Супольнасці Тэзэ. Ілюстрацыйнае фота Падчас малітвы ў Супольнасці Тэзэ. Ілюстрацыйнае фота 

Тэзэ: COVID прымусіў змяніць планы Еўрапейскай сустрэчы моладзі

Каронавірус чарговы раз унёс сур’ёзныя карэктывы ў правядзенне традыцыйнага навагодняга моладзевага форуму пад эгідай Супольнасці Тэзэ. Яго ўжо пераносілі ў 2020 г.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“З прычыны абмежаванняў, звязаных з новым вітком пандэміі, на жаль, не атрымаецца перажыць Еўрапейскую сустрэчу ў Турыне, як мы сабе ўяўлялі. Нам вельмі шкада, што мы не зможам вітаць тых, хто ўжо арганізаваў сваю паездку ў канцы года. Мы дзякуем Цэрквам і жыхарам Турына за ўсе намаганні, зробленыя ў апошнія месяцы”, - напісалі браты з экуменічнай супольнасці.

З улікам сітуацыі форум пройдзе ў два этапы: анлайн – у канцы 2021 г., і з фізічнай прысутнасцю маладых людзей – у Турыне ў ліпені 2022 г.

Анлайн-сустрэча будзе мець месца з 28 снежня 2021 г. па 1 студзеня 2022 г. Трансляцыі арганізуюць з Турына, з удзелам братоў і моладзі рэгіёну. Валанцёры змогуць паўдзельнічаць у сустрэчы праз інтэрнэт. Праграму апублікуюць у бліжэйшы час.

З 7 па 10 ліпеня 2022 г. хрысціянскія супольнасці Турына запрашаюць маладых людзей з Еўропы прыехаць у горад і прыняць удзел у новым этапе іх Пілігрымкі даверу на зямлі. Яны будуць жыць у сем’ях і ў мясцовых парафіях, сустрэнуцца на малітве, абмяняюцца досведам, возьмуць удзел у майстар-класах.

Браты запрашаюць моладзь спыніцца на некалькі дзён у Тэзэ па дарозе ў Турын або пасля сустрэчы на зваротным шляху.
 

29 лістапада 2021, 12:02