Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Гродзенская дыяцэзія перадала першую партыю гуманітарнай дапамогі мігрантам на беларуска-польскай мяжы. Цёплае адзенне і сродкі гігіены 18 лістапада 2021 г. прадстаўнікі мясцовага Caritas даставілі ў транспартна-лагістычны цэнтр, дзе цяпер прабываюць мігранты з Блізкага Усходу. Рэчы, сабраныя ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, размеркавалі сярод патрабуючых. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выказаў удзячнасць вернікам за спаўненне евангельскага абавязку. Нагадаем, збор фінансавых сродкаў на дапамогу мігрантаў правялі ў парафіях усіх дыяцэзій Беларусі.
Мігранцкі крызіс на мяжы закрануў у сваёй гаміліі арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўспамін Маці Божай Вастрабрамскай, 16 лістапада 2021 г., заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску. “Марыя, у гэты складаны час, які перажываем мы ўсе, і грамадска-палітычны крызіс, і гэты крызіс на беларуска-польскай мяжы, - вазьмі на рукі нас, вазьмі на рукі нашу Бацькаўшчыну! І прынясі яе да свайго Сына. А Ён учыніць цуд аздараўлення нашай нацыі, каб мы былі адзіным народам, каб мы былі тымі, якія згаджаюцца з Божай воляй, каб мы былі тымі, хто будуе сваё жыццё на прынцыпах Евангелля, на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей”, - памаліўся арцыбіскуп Кандрусевіч.
Рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка былі ўнесены ў касцёл у Карэлічах. Гэта адбылося пры ўдзеле генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага 13 лістапада 2021 г. ён узначаліў урачыстасць у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі, куды сёстры назарэтанкі даставілі рэліквіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц, мучаніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Нагадаем, адзінаццаць законніц былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г. Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу. Смяротнае пакаранне ім замянілі на працы ў Германіі. Усе гэтыя людзі перажылі вайну.
Святкаванне 425-годдзя Берасцейскай уніі працягнулася ў Віцебску, Полацку і Магілёве. У складаных умовах пандэміі яно мае рэгіянальны характар і адбываецца этапамі. 13-14 лістапада 2021 г. урачыстасці праходзілі ў грэка-каталіцкіх парафіях Усходняга Дэканата. У абласным цэнтры свята адбылося на чале з Біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам і Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам. Падчас Боскай Літургіі біскуп Буткевіч прамовіў гамілію на тэму неабходнасці мужнай веры ў любых умовах жыцця хрысціян.
Музычны гурт семінарыі ў Гродне Ave выпусціў новы альбом. У зборніку пад назвай Застанься верны дзевяць трэкаў. Як адзначаюць аўтары, назва альбома звязана з дэвізам: Мы можам праслаўляць Пана на розных мовах, мы можам спяваць Яму ў розных стылях, мы можам гэта рабіць, калі нам добра, але павінны таксама заставацца вернымі, калі нам дрэнна або хочам адысці ад Яго. Альбом асаблівы тым, што песні напісаны ў розных жанрах, таму кожны можа знайсці сярод іх нешта сваё. У зборніку шмат рокавых нотак, ён адрозніваецца акустычна-электронным гучаннем.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі сустрэўся з духавенствам Стаўбцоўскага дэканата і праехаў па коласаўскіх мясцінах. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі 17 лістапада 2021 г. у парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах цэлебраваў св. Імшу, а пасля мясцовае духавенства прывітала новага пастыра архідыяцэзіі і ў шчырай братняй размове мела магчымасць бліжэй пазнаёміцца з іерархам, а ён – са сваімі святарамі. Таксама арцыбіскуп Станеўскі пабываў у Новым Свержані і праехаў па родных мясцінах беларускага песняра Якуба Коласа.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, svjazep.org, catholic.by і ўласнай інфармацыі.