Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Еўрапейскі іерарх прапануе: у касцёл – толькі з COVID-пашпартам

Старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), кардынал Жан-Клод Олерыш выступае за допуск у касцёлы толькі людзей з COVID-пашпартамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх тлумачыць, што на цяперашняй фазе пандэміі трэба засяродзіцца на выратаванні жыцця людзей. У яго родным Люксембургу ўжо зараз трэба ідэнтыфікаваць сябе такім дакументам, каб удзельнічаць у літургіі ў храме. Тое ж правіла дзейнічае ў Харватыі, Швейцарыі і Нідэрландах.

Кардынал перакананы, што неабходна прыняць усе меры, каб не дапусціць павелічэння колькасці каронавірусных інфекцый. Ён паведаміў, што “ад Божага Нараджэння ў Люксембургу дзейнічае закон, які дазваляе ўдзельнічаць у літургіі толькі прышчэпленым асобам, за выключэннем набажэнстваў з прысутнасцю менш чым 20 вернікаў”. Гэты прынцып быў уведзены ўрадам Люксембурга, і Касцёл прыняў яго з зразуменнем.

Выключэннем сталі некалькі святароў з Польшчы, якія працуюць у гэтай краіне. Яны былі супраць вакцынацыі, і іх трэба было пераконваць у іншым. “Стаўленне гэтых асоб не дапамагае ў пошуку рашэння праблемы, яны шкодзяць людзям, дэзарыентуюць іх”, - падкрэсліў кардынал Олерыш.
 

31 снежня 2021, 11:21