Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Католікі і баптысты працягваюць тэалагічны дыялог

6-10 снежня 2021 года праходзіла чацвёртая сесія трэцяй фазы тэалагічных размоў паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветным альянсам баптыстаў (BWA).

Ян Глінскі - Vatican News

Дыялог быў прысвечаны вызначэнню форм супольнага сведчання сярод католікаў і баптыстаў. Удзельнікі аднагалосна ўхвалілі выніковую справаздачу, канчатковы тэкст якой будзе прыняты падчас сустрэчы ў Рыме, запланаванай на 12-16 снежня 2022 года.

З прычыны пандэміі сустрэча праходзіла ў гібрыдным фармаце. Тэма актуальнай фазы дыялогу – Формы супольнага сведчання. Удзельнікі звярталі асаблівую ўвагу на распазнанне і прызнанне спосабаў, якімі баптысты і католікі ўжо карысталіся для сведчання аб дынаміцы Евангелля, а таксама разважалі пра шляхі, на якіх абедзве супольнасці могуць яшчэ больш свядома і поўна супрацоўнічаць у абвяшчэнні свету Хрыста.

Абмеркаванне абапіралася на разважаннях з першай сустрэчы трэцяй фазы на тэму Крыніцы супольнага сведчання, якая адбывалася ў горадзе Уэйко (штат Тэхас) у 2017 годзе. Другая сустрэча, прысвечаная Кантэкстам супольнага сведчання, сабрала прадстаўнікоў шасці кантынентаў у Рыме ў 2018 годзе. Выклікі супольнага сведчання – такой была тэма дыскусіі падчас трэцяй сустрэчы, якая праходзіла ў Варшаве ў 2019 годзе.

Супольная баптысцка-каталіцкая камісія будзе збірацца штогод да 2022 года ў межах трэцяга этапу размоў. Варта нагадаць, што першая фаза адбылася яшчэ ў 1984-1988 гадах, а яе вынікам стаў дакумент Слова Божае ў жыцці Касцёла.
 

17 снежня 2021, 10:53