Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Каталіцкая супольнасць смуткуе з нагоды двух страт на гэтым тыдні: у вечнасць адыйшлі кс. Міхал Сапель і с. Станіслава Кучынская, назарэтанка. Законніца спачыла на 55-м годзе жыцця, пахавальная св. Імша адбылася 9 снежня 2021 г. у касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне. На працягу свайго манаскага жыцця, а гэта 37 гадоў, с. Станіслава несла розныя служэнні ў парафіях у Гродне, Шчучыне, Навагрудку, Лідзе і Мінску. Таксама на 55-м годзе жыцця 10 снежня 2021 г. адышоў у вечнасць кс. Міхал Сапель, першы пробашч адроджанай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, які цяпер нёс там служэнне вікарыя. У розны час святар быў душпастырам у парафіях Ракава, Заслаўя, працаваў у Caritas, узначальваў камісію па перакладзе літургічных тэкстаў.

У Мінску адзначылі 25-годдзе святарства Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага. З гэтай нагоды 7 снежня 2021 г. урачыстую св. Імшу ў архікатэдры ўзначаліў сам юбіляр, а ўдзельнічалі ў цэлебрацыі ўсе іерархі архідыяцэзіі. “Ахопліваю сваёй малітвай усіх тых людзей, якіх Бог паслаў на маім шляху падрыхтоўкі да святарства, на маім святарскім шляху, і прашу, каб Бог шчодра іх благаславіў, каб мы ўсе дайшлі да мэты нашага жыцця, якой з’яўляецца Валадарства Божае”, - звярнуўся юбіляр да прысутных. Падчас гаміліі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч сцвердзіў, што "ў біскупе Юрыі Касабуцкім Касцёл на Беларусі атрымаў выдатнага настаўніка веры, які ў час спрыяльны і неспрыяльны мужна абвяшчае Божае слова і сацыяльнае вучэнне Касцёла".

З удзелам Апостальскага нунцыя ў Мінску адбылася аплаткавая сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мерапрыемства ў архікатэдры 9 снежня 2021 г. стала не толькі першай сустрэчай духавенства архідыяцэзіі з новым Мітрапалітам, арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, але таксама першай пастырскай сустрэчай пасля працяглага перапынку з-за каронавірусу. Кульмінацыяй сустрэчы стала св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён нагадаў пра распачаты сінадальны шлях, да ўдзелу ў якім пакліканы не толькі святары і біскупы, але і ўвесь Божы народ, каб даць належны адказ на выклікі часу.

150-годдзе святыні адзначылі ў Квасоўцы з удзелам Біскупа Гродзенскага. Гэты юбілей 8 снежня 2021 г., у адпустовую ўрачыстасць, адсвяткавалі ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прыбылі святары дэканату, а таксама настаяцель мясцовага праваслаўнага прыходу протаіерэй Георгій Рой. Прысутных прывітаў пробашч кс. Тадэвуш Крыштопік, які пазнаёміў іх з багатай гісторыяй парафіі. На Эўхарыстыі ўспаміналі ў малітвах будаўнікоў, ахвярадаўцаў і дабрадзеяў гэтага касцёла, душпастыраў.

На Віцебшчыне глыбоцкая парафія прысвяціла сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Гэта адбылося ва ўрачыстасць Яе Беззаганнага Зачацця 8 снежня 2021 г. Пробашч кс. Мікалай Ціхановіч ад імя ўсёй супольнасці перад абразом Маці Божай прысвяціў глыбоцкую парафію Беззаганнаму Сэрцу Марыі з просьбай, каб Багародзіца “кіравала жыццём і сэрцамі”. Таксама дзве парафіянкі асобна прысвяцілі сябе Езусу праз Марыю, зачытаўшы і падпісаўшы акт прысвячэння па методыцы святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.

11 снежня 2021, 08:38