Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

У Будславе аднавілі цэлебрацыю святой Імшы ў пашкоджаным пажарам касцёле. На малітву ў Нацыянальным санктуарыі сабраліся і ў першы дзень новага 2022 г., калі католікі святкуюць урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі. У бліжэйшую нядзелю таксама запланавана Імша. Нагадаем, у будслаўскім касцёле не было набажэнстваў з мая – калі ў святыні здарыўся пажар. Нядаўна ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) адбыўся Калядны дабрачынны кірмаш, дзякуючы якому на аднаўленне Нацыянальнага санктуарыя ўдалося сабраць 3 тысячы рублёў. Агульная сума ахвяраванняў за ўвесь час перавысіла 1,1 мільёна рублёў.

З пастырскім пасланнем на Сусветны дзень малітваў аб міры звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі запрасіў даверыць Панне Марыі "наш шлях веры ў 2022 годзе, жаданні нашых сэрцаў, нашы патрэбы, патрэбы ўсяго свету, асабліва супакою і мірнага суіснавання". Іерарх падзякаваў усім, "хто ў цяжкі перыяд пандэміі спрабуе забяспечыць адукацыю, бяспеку і павагу да правоў, аказваць медыцынскую дапамогу, спрыяць сустрэчам паміж членамі сям’і і хворымі, аказваць эканамічную падтрымку тым, хто мае патрэбу або тым, хто страціў працу". Архіпастыр папрасіў Пана Бога благаславіць краіну, а ўсіх вернікаў - благаславіць "сыноў і дачок Беларусі".

Калядны турнір па міні-футболе адбыўся ў Гродне. Спаборніцтва сярод моладзі каталіцкіх парафій, якое прайшло 29 снежня 2021 года, накіравана на яднанне ўдзельнікаў з Панам праз спорт. У турніры ўдзельнічала 8 каманд, у складзе якіх – вучні 8-11 класаў. Першае месца заняла парафія Святой Сям’і ў Лідзе, другое – парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме, на трэцім радку – зборная парафіі св. Патрыка ў Варшаве, парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне і парафіі ў Макараўцах.

Пра цуды, веру і Божае Нараджэнне разважаў біскуп Віцебскі на абласным тэлебачанні. Разам з біскупам Алегам Буткевічам у перадачы таксама ўзялі ўдзел вiкарый парафii святой Барбары, айцец Вiталь Сапега і моладзь касцёла, якая выступіла са спевамі. Гаворка вядучых з духавенствам ішла пра сутнасць свята і "галоўны Божы цуд" – стварэнне свету, пра тое, як можна растлумачыць цуды, а таксама аб тым, як усведамляць сябе вернікам і не расчаравацца ў веры, як прыняць дапамогу Бога. Размаўлялі і пра тое, што змяненне клімату з'яўляецца вынікам дзеянняў чалавека. Запіс апублікаваны на Youtube-канале тэлерадыёкампанiі Вiцебск.

Кусташ тракельскага санктуарыя асвяціў аддзяленне дзіцячай хірургіі ў Лідскім шпіталі. Гэта адбылося напярэдадні Божага Нараджэння, 24 снежня 2021 года. Кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў кс. Юрый Бяганскі правёў набажэнства ў аддзяленні, якое адчыніла свае дзверы пасля рамонту. Цяпер там створаны ўмовы для аказання медыцынскай дапамогі на высокім узроўні. На заканчэнне прысутныя падзяліліся аплаткамі, абменьваючыся святочнымі віншаваннямі.

Са словам на распачацце новага душастырскага года звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў, што распачаты Касцёлам сінадальны працэс "павінен умацаваць нас у касцёльнай місіі на шляху аднаўлення, асабістага і пастырскага навяртання, а таксама дыялогу са светам і служэння чалавеку, каб праз адзінства, удзел і місію будаваць Касцёл-супольнасць, што і з’яўляецца дэвізам новага пастырскага года". Паводле іерарха, "усе вернікі павінны прымаць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла і вырашэнні яго праблем, бо ўсе адказныя за яго". Імкненне да адзінства, актыўны ўдзел у жыцці Касцёла і адказнасць за яго місію "будуюць Касцёл як супольнасць, якая складаецца з людзей рознага духоўнага стану, сацыяльнага становішча, поглядаў, нацыянальнасцей, традыцый і культур", - упэўнены арцыбіскуп Кандрусевіч.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

01 студзеня 2022, 09:56