Францішак прыме каталіцкіх журналістаў са Святой Зямлі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
На аўдыенцыю ў Ватыкан, якая пройдзе 17 студзеня 2022 года, прыбудзе міжнародная дэлегацыя з пяцідзесяці чалавек пад кіраўніцтвам кусташа Святой Зямлі, айца Франчэска Патана.
Часопіс Terrasanta быў заснаваны ў 1921 годзе. Ён выходзіць кожныя два месяцы і мае шэсць моўных версій: англійскую, арабскую, іспанскую, італьянскую, партугальскую і французскую. Выданне распавядае пра скарбы Святой Зямлі, дзейнасць францішкан і жыццё хрысціянскіх супольнасцей у гэтым рэгіёне, які ахоплівае Ізраіль, Палестыну, Іарданію, Ліван, Сірыю, Егіпет, Кіпр і некаторыя астравы Грэцыі. Часопіс дапамагае глыбей пазнаёміцца са складанай рэчаіснасцю Святой Зямлі, друкуе артыкулы на рэлігійную, культурную, біблійную, археалагічную і экуменічную тэматыкі.
На аўдыенцыю да Святога Айца прыбудуць не толькі кіраўнікі і супрацоўнікі выдання Terrasanta, але таксама журналісты афіцыйнага сайта Кустодыі Святой Зямлі і персанал Christian Media Center, які дзейнічае ў Іерусаліме.