Ірландскі іерарх: у Касцёле адбываюцца радыкальныя змены
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падводзячы вынікі першага года кіраўніцтва самай буйной дыяцэзіяй у Ірландыі, ён звярнуў увагу на змены, якія адбываюцца ў касцёльных структурах ва ўсім заходнім свеце. “Францішак прапануе нам сінадальны шлях як спосаб быць Касцёлам, поўным надзеі, нягледзячы на шматлікія выклікі, спосаб быць бліжэй адно да аднаго. Мы верым, што Касцёл мяняецца паводле волі Божай”, - сказаў ён падчас гаміліі ў касцёле Маці Божай Перамогі ў Балымуне.
У лістападзе архідыяцэзія апублікавала справаздачу аператыўнай групы “Стварэнне надзеі”, якой даручана распрацаваць стратэгічны план душпастырскага абнаўлення перад абліччам такіх сур’ёзных праблем, як зніжэнне даходаў і колькасці святароў. Арцыбіскуп Фарэл адзначыў, што пакуль няма гатовага плана рэагавання на новую рэчаіснасць.
З 312 святароў, якія ў цяперашні час служаць у парафіях Дублінскай архідыяцэзіі, 139 старэйшыя за 70 гадоў, і 116 з іх з’яўляюцца выхадцамі з-за меж архідыяцэзіі. Фармацыю праходзяць толькі два семінарысты.
У дакладзе гаворыцца пра неабходнасць пераасэнсавання дыяцэзіяльных і парафіяльных структур і сцвярджаецца, што менавіта надзея натхняе людзей на амбіцыйныя дзеянні і радыкальныя змены. “Нам трэба адкрыць новы раздзел у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Ірландыі. Змены ніколі не бываюць лёгкімі, і будуць канфлікты, непаразуменні і напружанасць. Гэтыя рэчы не могуць быць вырашаны аргументамі або размовамі пра сур'ёзнасць лічбаў. Нашыя парафіяльныя структуры павінны быць адаптаваны да патрэб будучыні. Абнаўленне павінна грунтавацца на разважаннях, малітве і навяртанні, калі яно хоча натхняць і падтрымліваць жывую веру. Мы не бездапаможныя перад будучыняй”, - адзначыў іерарх.
Ён заўважыў, што дзве самыя важныя супольнасці ў перадачы веры – гэта сям’я і парафія. Закранаючы праблему тых, хто пакінуў Касцёл у выніку скандалаў, звязаных з злоўжываннямі, і расчаравання духавенствам, арцыбіскуп Фарэл заявіў: “Як Касцёл мы павінны быць у стане пакаяцца і пераканацца, што нішто, што мы робім, не перашкаджае адносінам асобнага верніка з Богам”.
Іерарх папярэдзіў, што ў сучаснай культуры існуе своеасаблівы індывідуалізм, які “глыбока пагражае грамадству” і закранае ўсе сферы жыцця: сацыяльную, культурную і рэлігійную.