Каталіцкі ўніверсітэт ахвяраваў праз Францішка лекі для Танзаніі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Тое, што нам здаецца малым жэстам, можа апынуцца вялікай дапамогай”, - падкрэсліў у інтэрв'ю Vatican News рэктар ВНУ, прафесар Франка Анэлі.
Першы з трох траншаў ахвяравання быў перададзены праз Апостальскага элемазінарыя, кардынала Конрада Краеўскага і старшыню Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA), арцыбіскупа Нунцыа Галанціна.
Анэлі адзначыў, што патрэбы сферы аховы здароўя ў многіх месцах свету можна ў значнай ступені задаволіць простымі лекамі і сродкамі, якія ў выпадку Еўропы ёсць нават у хатніх аптэчках. На жаль, у некаторых краінах іх цяжка атрымаць.
“Гэта невялікі ўклад у міжнародную салідарнасць. Часткай нашай місіі як універсітэта з’яўляецца ўдзел у дабрачынных ініцыятывах Святога Айца. Мы ўжо рэалізавалі праекты салідарнасці ў Святой Зямлі. (...) Рэчы, якія, здавалася б, для нас невялікія, могуць аказаць вялікую дапамогу”, - адзначыў рэктар каталіцкага ўніверсітэта.
Наступныя два этапы дапамогі рэалізуюць у бліжэйшыя тыдні. Адрасатамі стануць медыцынскія ўстановы ў Ліване, Сірыі і Судане.