Open Doors: каля 360 мільёнаў хрысціян пакутуюць за веру
Аляксандр Панчанка – Vatican News
World watch list 2022 звяртае ўвагу на рэзкі рост пераследу і дыскрымінацыі вызнаўцаў Хрыста. На працягу мінулага года колькасць вернікаў, якія сутыкнуліся з парушэннем правоў, кантролем ці насіллем па прычыне іх веры, склала каля 360 мільёнаў чалавек. Гэта на 20 мільёнаў больш чым годам раней. Галоўнымі пагрозамі для хрысціян з’яўляюцца ісламскі экстрэмізм, камуністычны пераслед, рэлігійны нацыяналізм, таталітарызм, карупцыя і арганізаваная злачыннасць.
Цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў самай небяспечнай для вызнаўцаў Хрыста дзяржавай у свеце была Паўночная Карэя. Цяпер, нават нягледзячы на тое, што рэжым тут стаў яшчэ больш жорсткім, гэта краіна пасунулася на другое месца ў сумным рэйтынгу, саступіўшы пазіцыю лідара Афганістану, дзе пасля прыйсця да ўлады талібаў, хрысціянам пагражае смерць з прычыны іх веравызнання.
У асабліва цяжкай сітуацыі знаходзяцца вернікі, якія перайшлі ў хрысціянства з ісламу. Талібы атрымалі доступ да дакументаў, дзякуючы якім можна ідэнтыфікаваць такіх людзей, і цяпер баевікі актыўна шукаюць хрысціян, ходзячы ад дзвярэй да дзвярэй, - паінфармаваў кіраўнік аўстрыйскага аддзялення Open Doors, тэолаг Курт Іглер, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Kathpress.
За Афганістанам і Паўночнай Карэяй у рэйтынгу небяспечных для хрысціян краін ідуць Самалі, Лібія, Емен і Эрытрэя, а затым Нігерыя, Пакістан, Ірак і Індыя. Курт Іглер лічыць, што “талібанізацыя” пагражае многім краінам рэгіёну Сахель у Афрыцы, дзе шырока ўтвараюцца радыкальныя ісламісцкія сеткі, якія шукаюць супольныя крыніцы фінансавання і здзяйсняюць акты насілля супраць памяркоўных мусульман. “Наступным Афганістанам можа стаць Малі”, - папярэдзіў эксперт, выказваючы занепакоенасць таксама сітуацыяю ў Нігеры, Буркіна-Фасо, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.
З кастрычніка 2020 па верасень 2021 года ў свеце былі забіты па рэлігійных матывах 5898 хрысціян, што на 1137 чалавек больш, чым годам раней. Большасць забойстваў адбылася ў Трапічнай Афрыцы, галоўным чынам у Нігерыі. Аб’ектам нападаў сталі 5110 касцёлаў, колькасць арыштаў і затрыманняў хрысціян па прычыне іх веравызнання вырасла на 44% і склала 6175 выпадкаў у свеце, з якіх 1315 у Індыі.
Пераслед вернікаў мае розныя абліччы: у краінах рэгіёну Сахель і Цэнтральнай Азіі хрысціяне вымушаны ўцякаць ад насілля ісламістаў, у Эрытрэі – ад прымусовай рэкрутацыі ў войска, у Судане – ад грамадзянскай вайны, у Іране – ад рэпрэсій з боку дзяржавы, у М’янме хрысціян выганяюць з краіны і ціснуць на іх сям’і. Інакш сітуацыя выглядае ў Кітаі, дзе ўлады патрабуюць ад сваіх грамадзян усё большай лаяльнасці і знаходзяць паслядоўнікаў таксама ў такіх дзяржавах як В’етнам і Куба. Гэтыя тры краіны знаходзяцца ў рэйтынгу на 17, 19 і 37 месцы адпаведна. Open Doors заўважае, што тут абмяжоўваюцца ўсе сферы паўсядзённага жыцця, свабода слова і веравызнання, рэлігійныя лідары абавязаны падтрымліваць рэжымы, у касцёлах устанаўліваюцца прылады назірання, блакуецца доступ да Бібліі і рэлігійнай літаратуры.
У рэйтынгу 50-ці краін, у якіх хрысціяне сустракаюцца з парушэннем сваіх правоў, дыскрымінацыей і насіллем, знаходзяцца таксама Узбекістан (21), Туркменістан (25), Таджыкістан (45) і Казахстан (47).