Пошук

Брат Алоіс Брат Алоіс  

Прыёр Тэзэ: у маладых людзей расце пачуццё страху

Маладым людзям хочацца мець планы на будучыню, а замест гэтага яны не ўяўляюць, не ведаюць, што іх чакае, - падзяліўся з Vatican News прыёр экуменічнай Супольнасці Тэзэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля нетыповай міжнароднай сустрэчы, якая толькі што завяршылася ў Турыне, брат Алоіс прызнаўся, што цяперашняя атмасфера сур’ёзна прыгнятае падрастаючае пакаленне.

Ён падкрэсліў, што пандэмія моцна адлюстравалася на жыцці. Маладыя людзі не бачаць будучыні, пакутуюць ад беспрацоўя, часта маюць праблемы з працягам вучобы або прафесійным станаўленнем. Пры гэтым яны адчуваюць непераадольнае жаданне развівацца і быць разам. У такой цяжкай сітуацыі вельмі важны давер.

“Мае браты і я ў Тэзэ хочам, каб гэты год пачаўся з упэўненасці, якую мы чэрпаем не столькі з сітуацыі, звязанай з пандэміяй, якая глыбока змяняе наша грамадства, колькі з веры ў тое, што Бог з намі, што Ён любіць свет, паслаў да нас Хрыста і застаецца прысутным у свеце. Езус і Дух Святы прысутнічаюць сярод нас, і гэта дае нам адвагу, як кажа Францішак у сваім пасланні да братоў з Тэзэ і ўдзельнікаў турынскай сустрэчы. Таму што, адкрываючыся на прысутнасць Хрыста, мы не адрываем позірку ад чалавечых пакут і цяперашняга крызісу, але глядзім на гэтую рэчаіснасць з даверам. Вось так мы хочам пачаць гэты новы год”, - адзначыў прыёр Тэзэ.

Брат Алоіс папярэдзіў, што пачуццё страху можа прывесці да падзелаў, у тым ліку ў Касцёлах. Вось чаму сёння неабходна спрыяць адзінству і будаваць масты.
 

04 студзеня 2022, 12:42