Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Старшыня COMECE пра асноўную ролю вернікаў падчас Сінода

Кардынал Жан-Клод Олерыш ускладае вялікія спадзяванні на Сінод Біскупаў, прысвечаны сінадальнасці. “Мы – Касцёл на шляху, Касцёл у пераходным перыядзе”, - адзначыў іерарх падчас прэс-канферэнцыі.

Ян Глінскі - Vatican News

Арцыбіскуп Люксембургскі, які з 2018 года з’яўляецца старшынёй Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), прыпісвае важную ролю перш за ўсё вернікам, якія фарміруюць Касцёл.

Сінод пад дэвізам На карысць Касцёла сінадальнага – камунія, удзел і місія мае выключны характар і цалкам новую метадалогію працы. Упершыню ён уключае тры фазы – лакальную, кантынентальную і паўсюдную, – расцягнутыя ў часе ад кастрычніка 2021 г. да кастрычніка 2023 г. Зараз трывае этап кансультацый з вернікамі на дыяцэзіяльным узроўні, і працягнецца ён да жніўня 2022 г. Запланавана, што ў 2023 г. у Рыме адбудзецца пленарнае пасяджэннне, падчас якога абмяркуюць вызначаныя на папярэдніх этапах тэмы і сфармулююць прапановы змен.

Як падкрэсліў кардынал Олерыш, ключавыя пытанні, накіраваныя з боку Святога Пасаду, мэтанакіравана маюць адкрытую форму і павінны быць пакладзены на “лакальную музыку” мясцовымі культурамі і Касцёламі. Дэвіз Сінода датычыць таксама такіх выклікаў як мір, справядлівасць і клімат, павага да бедных, навакольнага асяроддзя і будучых пакаленняў.

Іерарх адзначыў, што хацеў бы стрымаць сябе ад папярэдніх ацэнак, ён адчувае свой абавязак слухаць. “Я хачу быць гатовым да змены таксама ўласнага меркавання”, - падкрэсліў старшыня COMECE.
 

28 студзеня 2022, 10:27