Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Магілёўскую катэдру за тыдзень забяспечылі часовым дахам. Працы завяршылі 21 студзеня 2022 г., накрыўшы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на зімовы перыяд, таксама паставілі часовыя кроквы, паведаміў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. 14 студзеня 2022 г. моцны вецер знішчыў частку даху старадаўняй святыні. За тыдзень на рамонт касцёла пералічылі амаль 20 тыс. рублёў. Але парафія павінна сабраць на замену часткі даху звыш 38 тыс. рублёў. Усім, хто далучыўся і жадае далучыцца да дапамогі ў справе рамонту даху гістарычнай магілёўскай катэдры пасля ўрагану, іерарх выказвае шчырую падзяку і ад усяго сэрца благаслаўляе.

У гарадах Беларусі і Еўропы адзначылі 500-годдзе малітоўніка Францішка Скарыны. У Полацку, на радзіме беларускага першадрукара, 20 студзеня 2022 г. адбылася св. Імша з удзелам біскупа Алега Буткевіча, старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Цэлебрацыя ў Полацку, а таксама ў Мінску, Вільні, Варшаве, Празе і Падуі прайшлі з нагоды 500-годдзя выдання першага малітоўніка на беларускай мове – Малой падарожнай кніжыцы. Ва ўсіх гэтых гарадах, звязаных з асобай Скарыны, каталіцкія іерархі маліліся за першадрукара і дзякавалі Богу за ягоную асветніцкую і друкарскую дзейнасць. У Мінску ўрачыстую цэлебрацыю св. Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Экуменічнае набажэнства з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча праходзіць у Гродне. 22 студзеня 2022 г. у межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя зладзілі сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Малітву ўзначаліў гродзенскі ардынарый. Традыцыйна Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. Сёлета яго тэмай сталі словы з Евангелля паводле Мацвея: “Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму” (Мц 2, 2).

Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч адзначыў 55-годдзе з дня нараджэння. Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі віншаванне прадстаўніку Папы 16 студзеня 2022 г. скіраваў біскуп Алег Буткевіч. “Ваша служэнне ў нашай краіне прыпала на няпросты час. Грамадска-палітычная сітуацыя і пандэмія каронавірусу сталі сур’ёзным выклікам таксама для Вас як прадстаўніка Святога Пасаду”, - адзначыў старшыня біскупскай Канферэнцыі і пажадаў, каб місія ватыканскага дыпламата “спрыяла росквіту веры і ўмацаванню грамадскага міру на нашай зямлі”.

У Івянцы прайшоў XI Калядны фэст, які сабраў аматараў спеваў 15 студзеня 2022 г. У залі мясцовага Дома культуры гучалі калядныя спевы ў выкананні як маленькіх, так і дарослых удзельнікаў. Дарэчы, дзіцячы хор івянецкай парафіі падрыхтаваў спектакль пра тое, як людзі розных прафесіі і народаў вітаюць Збаўцу, а ваўчаняты – наймаладзейшыя ўдзельнікі скаўцкага руху – цэлай зграяй выбеглі на сцэну з каляднай зоркай. Сустрэчу арганізавалі айцы-францішкане.

У Карэлічах, на патранальнай урачыстасці св. Паўла, першага пустэльніка, вернікам раздавалі незвычайныя пачастункі. Тут 15 студзеня 2022 г. у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі сабраліся парафіяне з Карэлічаў і Варончы, дзе ўжо на працягу 29 гадоў нясуць служэнне духоўныя нашчадкі св. Паўла – айцы-паўліны. Урачыстую св. Імшу разам з запрошанымі святарамі цэлебраваў Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Кожны вернік, прысутны на ўрачыстасці, атрымаў незвычайны пачастунак: фігі, фінікі і хлеб св. Паўла – на ўспамін таго пасілку, якім харчаваўся гэты святы ў егіпецкай пустэльні.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

22 студзеня 2022, 09:35