Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

ЗША: арцыбіскуп крытыкуе новую гонку ядзерных узбраенняў

Гонка ядзерных узбраенняў з’яўляецца па сваёй сутнасці заганным колам, бо нясе пагрозу ўсяму чалавецтву, адзначыў арцыбіскуп Джон Уэстэр, пастыр дыяцэзіі Санта-Фэ ў амерыканскім штаце Нью-Мексіка.

Ян Глінскі – Vatican News

Іерарх заўважыў, што некалькі гадоў таму наведаў Хірасіму і Нагасакі ў Японіі, дзе зразумеў, што ў 1945 годзе чалавецтва перакрочыла мяжу і ўвайшло ў “цемру атамнай эпохі”. Цяпер, на думку арцыбіскупа Уэстэра, тэрмінова неабходна вярнуцца да перамоў аб поўным ядзерным раззбраенні.

“Мы больш не можам адмаўляць ці ігнараваць цяжкае небяспечнае становішча, якое мы самі стварылі для сябе праз гонку ядзерных узбраенняў, якая, магчыма, стала яшчэ больш небяспечнай, чым у часы халоднай вайны”, - напісаў ён, падкрэсліваючы, што заганнае кола гонкі ўзбраенняў з’яўляецца дэстабілізуючым для ўсяго чалавецтва.

“Нам тэрмінова неабходны кантроль над ядзернай зброяй, а не эскалацыя гонкі ядзернага ўзбраення”, - напісаў амерыканскі іерарх праз два тыдні пасля супольнай дэкларацыі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая і Расіі, якія з’яўляюцца пастаяннымі членамі Рады бяспекі ААН, аб прадухіленні ядзернай вайны.

Згаданая тэма непасрэдна датычыць архідыяцэзіі Санта-Фэ: у Нацыянальных лабараторыях Лос-Аламаса і ў Сандзіі вырабляецца ядзерная зброя, а на Ваенна-паветранай базе Кіртлэнд захоўваецца яе арсенал.

Нагадаем, што ў Нью-Йорку павінна была праходзіць дзясятая канферэнцыя, прысвечаная агляду Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, але ў чарговы раз ад 2020 года была перанесена і цяпер запланавана на жнівень бягучага года.

У пастырскім пасланні, напісаным на 52 старонкі, амерыканскі іерарх раскрытыкаваў факт “мадэрнізацыі” дзяржавамі сваіх ядзерных арсеналаў. Арцыбіскуп Уэстэр цытуе таксама папу Францішка, які неаднойчы заклікаў да ліквідацыі ядзерных арсеналаў з прычыны небяспекі, якую яны нясуць для людзей.

Некалькі дзён таму ў прамове да дыпламатаў у Ватыкане Святы Айцец адзначыў, што “ядзерная зброя з’яўляецца неадэкватным і неадпаведным інструментам рэагавання на пагрозы бяспецы ў XXI стагоддзі, а валодаць ёю амаральна”. “Яе вытворчасць адцягвае рэсурсы ад перспектыў інтэгральнага развіцця чалавецтва, а яе выкарыстанне, акрамя катастрафічных наступстваў для асяроддзя, пагражае самому існаванню чалавецтва”, - сказаў сабраным дыпламатам Папа Францішак.
 

14 студзеня 2022, 10:17