Епіскапаты асуджаюць расійскую агрэсію супраць Украіны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Чэшскія біскупы заявілі аб арганізацыі гуманітарнай дапамогі тым, хто аказаўся ў бядзе, і ўнутрана перамешчаным ва Украіне, а таксама людзям, якія ўцякаюць з краіны ад вайны.
“Драматычныя вобразы з Украіны выклікаюць боль і непакояць сумленне”, - напісалі біскупы Італіі, заклікаючы да настойлівай малітвы аб міры. Яны рашуча асудзілі бязбожнае рашэнне прэзідэнта Пуціна па выкарыстанні зброі і выказалі падтрымку ўкраінскаму народу і мясцовым хрысціянскім супольнасцям. Італьянскі епіскапат таксама нагадаў, што “кожны канфлікт нясе смерць і разбурэнне, раздзірае сацыяльную тканіну і пагражае суіснаванню паміж народамі”. Тое, што адбылося ў Еўропе ў мінулым стагоддзі, павінна прывесці да адмовы ад нянавісці і любога гвалту і заахвоціць да вяртання на шлях міру.
Французскія біскупы звярнулі ўвагу на той факт, што Расія ў аднабаковым парадку перапыніла мірны працэс, які доўжыўся гадамі, і парушыла міжнароднае права. “Украінцы абараняюць сваю краіну з усёй яе гісторыяй і культурай”, - звярнуў увагу епіскапат Францыі, заклікаючы маліцца за аднаўленне міру і за ўсіх ахвяр сляпога насілля, выкліканага вайной.
Біскупы ЗША таксама заклікалі маліцца за мір. “Няхай нашы малітвы ў спалучэнні з малітвамі людзей ва ўсім свеце дапамогуць схіліць тых, хто вядзе вайну, да спынення бессэнсоўных пакут і аднаўлення міру”, - напісалі яны ў спецыяльнай заяве.
Расійскае ўварванне ва Украіну выклікала асуджэнне таксама бразільскага епіскапату, які заявіў, што “вайна з'яўляецца самым крайнім выразам нянавісці, незалежна ад маштабу канфлікту”, і што “ўварванне Расіі ва Украіну з'яўляецца прыкметай няўдачы чалавека ў пабудове міру”.
Біскупы Перу нагадалі, што нявінныя мірныя жыхары заўсёды плацяць самую высокую цану ў любой вайне.
Духоўны лідар Англіканскай Царквы назваў напад на Украіну д'ябальскім учынкам. Архіепіскап Джасцін Уэлбі прызнаўся, што горача моліцца аб спыненні агню, і заклікаў усіх людзей добрай волі далучыцца да малітвы за мір.