Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш Кардынал Жан-Клод Олерыш  

Кардынал: рэформы ў Касцёле патрабуюць стабільнай асновы

Рэформы ў Каталіцкім Касцёле патрабуюць “стабільнай асновы”, - заявіў кардынал Жан-Клод Олерыш у інтэрв'ю, апублікаваным у лютаўскім нумары нямецкага часопіса Herder Korresponden.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

63-гадовы старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), які з’яўляецца адной з галоўных фігур Сінода Біскупаў па сінадальнасці, адзначыў, што “калі б Папа цяпер проста дазволіў пасвячэнне viri probati і дыяканіс, рызыка расколу стала б па-сапраўднаму вялікай”. Ён нагадаў, што дыскусія на такія тэмы не можа абмяжоўвацца выключна Германіяй, трэба ўлічваць сітуацыю ў іншых краінах і рэгіёнах, напрыклад, у Афрыцы, дзе з гэтым не пагодзіцца большая частка біскупаў.

У ліпені 2021 года Францішак прызначыў кардынала Олерыша Генеральным рэлятарам 16-й Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая збярэцца ў Ватыкане ў кастрычніку 2023 года.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што Папу часта няправільна разумеюць. “Святы Айцец не мае нічога супраць кансерватараў, калі яны не адрываюцца ад жыцця. Таксама не мае нічога супраць рэфарматараў, пакуль яны бяруць пад увагу ўвесь Касцёл. Францішак не любіць унутранай барацьбы ў Касцёле”, - падкрэсліў ён.

“Часам у мяне складваецца ўражанне, што нямецкія біскупы не разумеюць Папу. Папа – не ліберальны, ён – радыкальны. Перамены выходзяць з радыкалізму Евангелля”, - звярнуў увагу кардынал Олерыш. Ён падкрэсліў, што ёсць неабходнасць у структурнай рэформе, але яна не можа адбывацца без кансэнсусу.
 

02 лютага 2022, 09:46