Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Мітрапаліт Львоўскі: адкрыць дзверы касцёлаў для бежанцаў

“У той час як рэалізуецца адзін з найчарнейшых сцэнараў мы павінны быць побач з вернікамі”, - адзначыў арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, які выконвае абавязкі старшыні ўкраінскага епіскапату.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Мітрапаліт Львоўскі скіраваў спецыяльны зварот да святароў і кансэкраваных асоб. Ён заўважыў, што ў хвіліны, калі ўсе адчуваюць сябе ў небяспецы нельга губляць надзею, а тым больш паддавацца паніцы.

“Як ніколі раней нам патрэбна адзінства і ўзаемная падтрымка”, - падкрэсліў арцыбіскуп Макшыцкі, заклікаючы духавенства адкрыць дзверы касцёлаў і парафіяльных структур для сем’яў, дамы якіх былі разбураны, а таксама прадставіць людзям магчымасць хавацца ў падзямеллях святыняў.

“Давайце заклікаць людзей дапамагаць адно аднаму і аказваць узаемную падтрымку, каб ніхто не адчуваў сябе пакінутым самому сабе. Удзелім асаблівую ўвагу самотным, пажылым і хворым. Многім з іх спатрэбіцца наша дапамога, напрыклад, у забеспячэнні іх базавымі прадуктамі харчавання ці лекамі. Ваенны час з’яўляецца для нас выпрабаваннем запаведзі любові, якая абавязвае нас любіць не толькі сябе, але і бліжніх”, - падкрэсліў арцыбіскуп Львоўскі.

У каментары для Vatican News іерарх заклікаў вернікаў ва ўсім свеце да малітвы аб тым, каб было як мага менш цярпенняў і знішчэння чалавечых жыццяў, а таксама да салідарнасці з украінцамі, якія вельмі патрабуюць падтрымкі і дапамогі.
 

24 лютага 2022, 12:56