Пошук

 Арцыбіскуп дыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паола Пэцы Арцыбіскуп дыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паола Пэцы 

Арцыбіскуп Пэцы: толькі прабачэнне прынясе мір

“Мы павінны сапраўды верыць у сілу прабачэння”, - сказаў арцыбіскуп дыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паола Пэцы. Ён спаслаўся на канфлікт вакол Украіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што дыпламатыя і палітыка могуць зрабіць многае, але ў доўгатэрміновай перспектыве важна асабістае навяртанне кожнага з нас, якое дазваляе змяніць свой погляд на іншых. “Сэнс у тым, каб бачыць вачыма Бога, Які не дзеліць людзей на сяброў і ворагаў. Мы павінны сапраўды верыць у сілу прабачэння, без гэтага не будзе міру”, - сказаў ён.

Арцыбіскуп Пэцы звярнуў увагу, што такая змена мыслення з’яўляецца цудам і патрабуе малітвы. Ён прызнаўся, што сам на працягу некалькіх тыдняў уважліва сочыць за ростам напружанасці паміж Расіяй і Украінай і падчас кожнай Імшы моліцца аб міры, і падкрэсліў, што малітва мае рэальную моц і да яе не варта ставіцца як да апошняй інстанцыі. “Малітва ўздзейнічае на сэрцы людзей і перамяняе нават загартаваныя, закамянелыя ваеннымі гадамі і, здавалася б, устойлівыя да навяртання душы”, - адзначыў ён.

Іерарх заўважыў, што вядзецца праца па падрыхтоўцы другой сустрэчы папы Францішка з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам. “Гэта, безумоўна, стане станоўчым імпульсам для пабудовы міру, можа дапамагчы аднавіць расійска-ўкраінскія адносіны”, - дадаў ён.

Пэцы нагадаў пра станоўчыя эфекты гістарычных размоў папы Паўла VI з Патрыярхам Афінагорам напрыканцы Другога Ватыканскага Сабору і падпісанай імі дэкларацыі аб узаемным прабачэнні. “У апошнія гады назіраецца павелічэнне колькасці сустрэч і важных этапаў дыялогу. Усё гэта патрабуе часу і аўтаматычна не адбіваецца на дзяржаўных адносінах. Мір не з’яўляецца эфектам чарадзейства, але прабачэнне абавязкова будзе крокам да гэтага”, - перакананы арцыбіскуп дыяцэзіі Маці Божай у Маскве.
 

23 лютага 2022, 11:57