Пошук

Біскуп Алег Буткевіч Біскуп Алег Буткевіч 

Рэакцыя епіскапату Беларусі на ваенныя дзеянні супраць Украіны

Епіскапат Беларусі адрэагаваў на сітуацыю вакол “ваеннага канфлікту ва Украіне”. 24 лютага 2022 года было распаўсюджана спецыяльнае паведамленне біскупа Алега Буткевіча.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Сёння раніцай свет скалыхнула трагічная навіна: паміж найбліжэйшымі да нас суседнімі краінамі распачаўся ваенны канфлікт. Здаровы розум і так моцна яшчэ жывая памяць пра наступствы падобных дзеянняў у гісторыі не сталіся эфектыўным стрымліваючым фактарам. Брат узняў руку на брата. Пачаў здзяйсняцца найгоршы сцэнар развязкі той напружанасці, якая ўжо доўгі час існавала паміж братнімі народамі. Так блізка, побач з намі, паміж Расіяй і Украінай, сярод блізкіх нам людзей пачалася вайна”, - гаворыцца ў пачатку тэксту.

Старшыня каталіцкага епіскапату Беларусі заклікаў да малітвы, як асабістай, так і ў парафіяльных супольнасцях, “аб Божай міласэрнасці і прабачэнні для нас, Божых дзяцей, якія не ўмеем мірна вырашаць нашыя непаразуменні і панаваць над сваімі хворымі амбіцыямі, аб спыненні братазабойчага канфлікту, які ва ўмовах сучаснай міжнароднай сітуацыі можа перарасці ў больш глабальную катастрофу”.

Таксама ён заахвоціў вернікаў “да посту і ахвяравання цярпенняў і пакутаў у гэтай інтэнцыі”.

“Божа, дай апамятацца гэтаму свету і спашлі яму свой спакой, свой Божы спакой!”, - такім заклікам завяршаецца адмысловы зварот ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
 

24 лютага 2022, 12:04