Пошук

Францішак з архіепіскапам Уэлбі Францішак з архіепіскапам Уэлбі 

Англіканскі іерарх пра сумесны з Папам візіт у Паўднёвы Судан

“Мы павінны зрабіць тое, што Папа: рызыкнуць і прысвяціць сябе справе міру”, - лічыць Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі.

Ян Глінскі - Vatican News

6 лютага 2022 года ў паўночнаірландскім Белфасце падчас сустрэчы на фестывалі Пойдзем і будзем жыць на супольнай зямлі іерарх анансаваў хуткае сумеснае з Францішкам экуменічнае падарожжа ў Паўднёвы Судан. Яно можа адбыцца ўжо праз некалькі месяцаў.

Паўднёвы Судан аддзяліўся ад Судана 9 ліпеня 2011 года. Нягледзячы на атрыманне незалежнасці, краіна ўвесь час жыве ў сітуацыі канфлікту і гуманітарнага крызісу.

“Калі Бог дазволіць, на працягу бліжэйшых месяцаў паедзем, каб сустрэцца з кіраўнікамі Паўднёвага Судана ў Джубе”, - сказаў Прымас Англіканскай Царквы, выказаўшы сваё захапленне сведчаннем Святога Айца.

Іерарх згадаў сустрэчу Папы з лідарамі груповак Паўднёвага Судана ў Рыме ў 2019 годзе, калі Святы Айцец пацалаваў іх стопы, молячы скончыць праліццё крыві. “Я мог бачыць слёзы на іх тварах, на тварах усіх, уключаючы відэааператараў”, - згадаў ён.

Уэлбі падкрэсліў, што вера ў Бога і Яго ўваскрасенне дазваляе трываць у надзеі на вырашэнне любога канфлікту. Таму мірнае вядзенне спрэчак і супольная хада да паляпшэння лёсу людзей магчымыя.

Архіепіскап Кентэрберыйскі і Пантыфік планавалі наведаць Паўднёвы Судан у межах экуменічнай пілігрымкі яшчэ ў 2017 годзе, але гэта не было рэалізавана з прычыны складанай сітуацыі ў краіне.

У снежні 2021 года Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер накіраваўся ў Джубу, дзе сустрэўся з мясцовым палітычным і рэлігійным кіраўніцтвам. Як тады адзначыў ватыканскі дыпламат, хоць “няма ідэальнага часу на такі візіт”, але існуе “моцная падтрымка” з боку мясцовых улад, каб падарожжа адбылося.
 

11 лютага 2022, 11:14