Маці Божая Фацімская Маці Божая Фацімская 

Фаціма: кардынал просіць аб далейшых малітвах за Украіну

Працягваць маліцца за Украіну заклікаў біскуп дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма, на тэрыторыі якой знаходзіцца сусветнавядомы марыйны санктуарый.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Антоніа Марту запэўніў, што нягледзячы на завяршэнне тыднёвай малітвы па ўсёй краіне ў гэтай інтэнцыі, яна працягнецца ў многіх месцах, у тым ліку ў санктуарыі Маці Божай Ружанцовай у Фаціме.

У казанні падчас нядзельнай Імшы ў гэтым адным з самых буйных у свеце цэнтраў марыйнага культу іерарх асудзіў расійскую агрэсію супраць Украіны, назваўшы дзеянні Крамля “злачыннымі”. “З гэтага санктуарыя мы выказваем салідарнасць з народам Украіны, які цяпер так моцна пакутуе”, - сказаў прапаведнік, запэўніўшы ўкраінцаў у сваёй малітве.

Раней кардынал прапанаваў ініцыятыву пад назвай Тыдзень малітваў аб міры ва Украіне. Заклікаючы сваіх землякоў далучыцца да так званага Ружанцовага ланцуга, ён папрасіў партугальцаў “прачнуцца з абыякавасці” перад пагрозай для Украіны з боку расійскай агрэсіі. Партугальскі пурпурат заклікаў маліцца за мір індывідуальна, у сямейным коле, у парафіі. Ён запэўніў, што цэнтрам гэтай ініцыятывы стане Фацімскі санктуарый.

Украінцы з'яўляюцца другой па колькасці меншасцю ў Партугаліі пасля бразільцаў. Паводле ацэнак мясцовага Міністэрства ўнутраных спраў іх тут больш за 28 тысяч чалавек.
 

01 сакавіка 2022, 11:10