Францішак моліцца за спачылага кардынала Качавілана
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік запэўніў сваякоў спачылага кардынала ў сваёй блізкасці і малітве, падкрэсліваючы ўзорную адданасць, вялікую кампетэнтнасць і адкрытасць розума кардынала Качавілана. Францішак узгадаў пра служэнне іерарха ў сферы папскай дыпламатыі і ў якасці старшыні Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы.
“Прашу Пана праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі прыняць гэтага вернага слугу ў Нябесны Ерузалем”, - напісаў Папа, удзяляючы ўсім, хто аплаквае смерць іерарха, сваё апостальскае благаслаўленне.
Агасціна Качавілан нарадзіўся ў 1926 годзе ў Навале-дзі-Вальнанья на поўначы Італіі. Вучыўся ў Папскім грыгарыянскім універсітэце, Рымскім універсітэце Ла Сапіенца, Папскім латэранскім універсітэце і Папскай касцёльнай акадэміі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1959 годзе. Працаваў у Дзяржсакратарыяце, а таксама на дыпламатычных пляцоўках Апостальскай Сталіцы на Філіпінах, у Іспаніі, Партугаліі, Кеніі, на Сейшэльскіх астравах, у Індыі, Непале, ЗША і пры розных міжнародных арганізацыях. У 1998 годзе быў прызначаны старшынёй Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. У 2001 годзе атрымаў кардынальскую годнасць, а ў 2002 годзе сышоў на пенсію.
Пасля смерці кардынала Качавілана Калегія кардыналаў складаецца з 212-ці іерархаў, з якіх 119 – выбаршчыкі і 93 не маюць права голасу на канклаве.