Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш Кардынал Жан-Клод Олерыш  

Прадстаўнік епіскапатаў ЕС напісаў ліст да Патрыярха Маскоўскага

Старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці напісаў ліст да Патрыярха Маскоўскага з просьбай паспрыяць неадкладнаму спыненню ваенных дзеянняў супраць украінскага народа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Жан-Клод Олерыш лічыць, што Кірыл павінен тэрмінова звярнуцца да расійскіх уладаў з мэтай праявіць добрую волю для пошуку дыпламатычнага вырашэння канфлікту.

“У гэты змрочны момант для ўсяго чалавецтва, якому спадарожнічаюць інтэнсіўныя пачуцці роспачы і страху, шмат хто глядзіць на Вас, Ваша Святасць, як на таго, хто мог бы даць знак надзеі на мірнае вырашэнне гэтага канфлікту”, - напісаў арцыбіскуп Люксембургскі.

Кардынал нагадаў, што ў 2016 годзе ў Гаване Папа і Патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой, у прыватнасці, утрымлівалася абавязацельства ў дачыненні да “супрацьстаяння ва Украіне, якое забрала ўжо мноства жыццяў, прычынілася да незлічоных пакут мірнага насельніцтва, увяло грамадства ў глыбокі эканамічны і гуманітарны крызіс”. Бакі заклікалі тады да “грамадскай салідарнасці і дзейнай міратворчасці”.

Прадстаўнік еўрапейскіх епіскапатаў, спасылаючыся на Францішка, які казаў аб рэках крыві і слёз, што цякуць па Украіне, у духу братэрства просіць Прадстаяцеля “звярнуцца да ўладаў Расіі з заклікам да неадкладнага спынення ваенных дзеянняў супраць украінскага народа і праявы добрай волі для пошуку дыпламатычнага рашэння канфлікту, рашэння, заснаванага на дыялогу, разумным сэнсе і захаванні міжнароднага права, каб маглі адкрыцца гуманітарныя калідоры і неабмежаваны доступ да гуманітарнай дапамогі”.

Старшыня COMECE нагадаў словы самога Патрыярха, якія прагучалі 3 сакавіка 2022 на сустрэчы з Апостальскім нунцыем у Расіі, што Царква не можа стаць удзельніцай канфлікту – яна “можа быць выключна міратворчай сілай”.

“У гэты час Вялікага посту мы, хрысціяне, не можам перастаць абвяшчаць адно і тое ж Евангелле і маліцца аднаму Богу, Богу міру, а не вайны, маліцца і рабіць усё, што ў нашых сілах, каб садзейнічаць заканчэнню гэтай бессэнсоўнай вайны, каб згода і мір зноў запанавалі на еўрапейскім кантыненце”, - напісаў у заключэнне кардынал Олерыш.
 

11 сакавіка 2022, 12:31