Пошук

Кардынал Шон О'Мэлі падчас размовы з Францішкам Кардынал Шон О'Мэлі падчас размовы з Францішкам 

Кардынал: рэформа Рымскай Курыі ўмацуе абарону непаўналетніх

Уключэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх у структуру Дыкастэрыі веравучэння ўмацуе культуру абароны непаўналетніх у Касцёле, - перакананы кардынал Шон О'Мэлі, кіраўнік Камісіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

19 сакавіка 2022 года была апублікавана новая Апостальская канстытуцыя аб Рымскай курыі Praedicate evangelium.

Цяперашні Пантыфік упершыню ўключыў сферу абароны непаўналетніх у цэнтральную адміністрацыйную структуру Касцёла. Параграф 78 дакумента прадугледжвае, што пры Дыкастэрыі веравучэння будзе функцыянаваць Папская камісія па абароне непаўналетніх, задачай якой з'яўляецца кансультаванне Папы і прапанова ініцыятыў на карысць абароны непаўналетніх і ўразлівых асоб.

“Больш цесная сувязь камісіі з працай новай Дыкастэрыі веравучэння з'яўляецца значным крокам у ацэнцы яе ролі, што можа прывесці да стварэння больш высокай культуры абароны ў Курыі і ва ўсім Касцёле. Захоўваючы свой статус асобнага органа ў Дыкастэрыі, якая мае прамы доступ да Святога Айца і ўласнае кіраўніцтва і персанал, абноўленая і пацверджаная Папская камісія будзе адыгрываць больш вырашальную ролю ў гарантаванні таго, каб Касцёл заставаўся бяспечным месцам для дзяцей і ўразлівых людзей”, - лічыць амерыканскі кардынал.

Папская камісія па абароне непаўналетніх была створана ў сакавіку 2014 года. Яна кансультуе Пантыфіка па пытаннях, якія тычацца ўдзелу Святога Пасаду ў абароне дзяцей і моладзі і душпастырскай апецы над ахвярамі сексуальнага насілля з боку касцёльных супрацоўнікаў. Старшынёй структуры з самага пачатку з'яўляецца вышэйзгаданы кардынал Шон О'Мэлі з ЗША. Камісія вынесла заключэнне, сярод іншага, па праекце паправак у Кодэкс кананічнага права, якія прадугледжваюць пакаранне біскупаў, што ўтойваюць злоўжыванні з боку духавенства.

Дыкастэрыя веравучэння таксама працуе ў гэтай сферы. Яна займаецца галоўным чынам расследаваннем абвінавачванняў у сексуальных злоўжываннях і пакараннем вінаватых у іх на падставе касцёльнага права.
 

21 сакавіка 2022, 10:01