Касцёл прысвеціць Расію і Украіну Беззаганнаму Сэрцу Марыі
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Маці Божая падчас аб’яўлення 13 ліпеня 1917 года ў Фаціме прасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу, кажучы, што, калі гэтая просьба не будзе прынята, гэта краіна працягне распаўсюджваць “свае памылкі па ўсім свеце, спрыяючы войнам і пераследу”.
Як патлумачыў Францішак у сваім нядаўнім лісце да біскупаў, сённяшняе набажэнства – гэта “чын паўсюднага Касцёла, які ў гэты драматычны момант узносіць да Бога праз Яго і нашую Маці крык болю тых, хто пакутуе і моліць аб спыненні насілля, а таксама давярае будучыню чалавецтва Каралеве супакою”.
Па запрашэнні Папы да Чыну прысвячэння чалавецтва, а асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі далучацца па ўсім свеце святары, законнікі і вернікі, каб аднадушна і згодна ўзнесці просьбу да Багародзіцы.
Таксама ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі адбудуцца адмысловыя пакаянныя набажэнствы. У катэдрах іх узначаляць дыяцэзіяльныя біскупы. Прадстаўнік Пантыфіка ў Беларусі, Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч па запрашэнні арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага возьме ўдзел у малітве ў мінскім архікатэдральным касцёле.
Трансляцыю набажэнства з базылікі святога Пятра можна будзе глядзець на Youtube-канале Vatican News у суправадженні каментароў на ўкраінскай і рускай мовах.