Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Малітва аб навяртанні Расіі, Украіны і Беларусі прайшла ў мінскай архікатэдры. У Другую нядзелю Вялікага посту, 13 сакавіка 2022 г., на працягу некалькіх гадзін перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам вернікі маліліся ў інтэнцыі перапрашэння за грахі, супакою і згоды ў Айчыне, аб міры ва Украіне і аб навяртанні Расіі, Украіны і Беларусі. Тыя, хто не меў магчымасці быць у архікатэдры, далучыліся да малітвы праз онлайн-трансляцыю.
У той жа дзень біскуп Казімір Велікаселец наведаў памежныя парафіі Пінскай дыяцэзіі, дзе маліўся аб міры ва Украіне. Генеральны вікарый дыяцэзіі пабываў у парафіях святога Якуба ў Ельску, Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі і Сэрца Пана Езуса ў Грушаўцы. У кожнай з гэтых супольнасцяў найстарэйшы беларускі іерарх цэлебраваў св. Імшу. “Калі чалавек перастае шанаваць свайго Нябеснага Айца, прыходзіць грэх. І мы бачым сёння, да чаго даходзіць, калі людзі не шануюць Бога Айца (...) Жыццё без Божай ласкі пазбаўляе чалавека дару мудрасці, які так неабходны, каб прымаць правільныя рашэнні, каб імкнуцца вырашаць усе канфлікты шляхам дыялогу і супакою”, - адзначыў падчас казання біскуп Велікаселец.
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны Генеральны вікарый, дэкан Магілёўскі і зацверджаны новы склад святарскай рады. 17 сакавіка 2022 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў дэкрэт аб прызначэнні новаму Генеральнаму вікарыю архідыяцэзіі біскупу Аляксандру Яшэўскаму. Раней на гэтай жа пасадзе быў зацверджаны біскуп Юрый Касабуцкі, таму цяпер у архідыяцэзіі будуць дзейнічаць два Генеральныя вікарыі. Дэканам Магілёўскім прызначаны ксёндз Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках.
Апостальскі Нунцый павіншаваў біскупа Алега Буткевіча з 50-годдзем. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адзначыў юбілей 18 сакавіка 2022 г. З гэтай нагоды прадстаўнік Папы Францішка скіраваў іерарху віншаванне. “Дзякуй за Вашую нязменную гатоўнасць ісці за Хрыстом і за Ваш апостальскі запал, з якім Вы мужна выконваеце ўскладзеныя на Вас абавязкі. Дзякуй Вашай дарагой Матулі, якая з любоўю насіла Вас пад сэрцам і выхоўвала ў духу веры і вернасці святому Касцёлу. Няхай Нябесны Айцец аддзячыць таксама Вашаму дарагому Тату, які адышоў да Яго па вечную ўзнагароду”, - гаворыцца ў лісце арцыбіскупа Антэ Ёзіча.
Марш памяці з удзелам прадстаўніка Касцёла прайшоў у 79-ю гадавіну ліквідацыі Гродзенскага гета. На мерапрыемства, якое штогод ладзіцца ў сакавіку, прыбылі прадстаўнікі яўрэйскіх і хрысціянскіх супольнасцяў Гродна і Мінска, людзі, якія перажылі Халакост. Ад імя Каталіцкага Касцёла прысутнічаў віцэ-канцлер Гродзенскай курыі ксёндз канонік Антоній Грэмза. Удзельнікі наведалі мемарыяльны знак, Музей гісторыі рэлігіі, Харальную сінагогу.
У Жодзіне з удзелам біскупаў адзначылі 65-годдзе святарства айца Юзафа Пятушкі. Гэта найстарэйшы святар у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Павіншаваць шаноўнага пастыра, марыяніна, 16 сакавіка 2022 г. у жодзінскі санктуарый Маці Божай Фацімскай прыбылі ў тым ліку іерархі: Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для вернікаў грэка-каталіцкага абраду архімандрыт Сяргей Гаек. “Мы сабраліся, каб выказаць падзяку Богу за гэты дар святарства ад імя ўсіх тых людзей, да каго дакранулася Божая ласка праз айца Юзафа, ў тым ліку і за 30 гадоў працы на Беларусі, дзе ён абвяшчае радасць, якую дае чалавеку жывы Хрыстус”, - адзначыў арцыбіскуп Станеўскі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.