Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Апостальскі нунцый і беларускія біскупы далучыліся да Чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі. У мінскай архікатэдры адмысловае набажэнства 25 сакавіка 2022 г. адбылося з удзелам прадстаўніка папы Францішка Антэ Ёзіча і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, набажэнства Крыжовага шляху і св. Імшы была ўрачыста прачытана адмысловая малітва. Такія ж набажэнствы адбыліся ў Гродне і Віцебску на чале з ардынарыямі, а ў Магілёве малітву ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Біскупская Канферэнцыя звярнулася з пастырскім лістом на ўрачыстасць Звеставання Пана. Вернікаў запрасілі ў чарговы раз далучыцца да 9-месячнай малітвы Духоўнага усынаўлення, каб адказна ўдзельнічаць у абароне чалавечага жыцця, сцвярджаючы, што яно адзінае і непаўторнае. Біскупы заахвоцілі да гэтай малітвы перадусім святароў і кансэкраваных асобаў. “Вашыя адносіны і прыклад паказваюць вернікам, як належыць паступаць. Просім таксама, каб як мага большая колькасць вернікаў і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за жыццё дзіцяці пад сэрцам маці, якое знаходзіцца ў небяспецы”, - звярнуліся біскупы.

Дыпламаты Еўрасаюза і пасол Украіны маліліся з католікамі Мінска аб міры для гэтай краіны. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім, а таксама супрацоўнікі ўкраінскай дыпмісіі і паслы краін Еўразвяза 20 сакавіка 2022 г. прынялі ўдзел у св. Імшы ў інтэнцыі міру для Украіны. Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў парафіі святых Сымона і Алены. Святая Імша адбылася ў 25-ы дзень ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну.

Гомельскі Дом міласэрнасці далучыўся да дапамогі жыхарам Украіны. Супольнасць Місіянерак Любові (сясцёр Маці Тэрэзы) пачала прымаць ад гараджан рэчы, лекі і харчаванне для жыхароў памежных з Гомельскай вобласцю раёнаў Украіны. Дапамогу размяшчаюць і сартуюць у Доме міласэрнасці, затым валанцёры адвозяць груз на беларуска-украінскую мяжу, дзе перадаюць дапамогу жыхарам, якія аказаліся адрэзанымі ад транспартнага паведамлення, і мясцовым валанцёрам.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску. У гэтай установе дабрачыннай місіі Добрага Самараніна 18-20 сакавіка 2022 г. заслужаны іерарх дзяліўся разважаннямі пра веру, а таксама асабістым сведчаннем, засяродзіўшыся на тэме Сінода Біскупаў: Адзінства, удзел і місія – шлях да сінадальнай вясны Касцёла. Падчас рэкалекцый таксама адбылася сустрэча арцыбіскупа з удзельнікамі, якія задалі яму шмат пытанняў. Духоўныя практыкаванні суправаджаліся няспыннай малітвай Ружанца ў інтэнцыі міру.

Моладзь сабралася на велікапосныя рэкалекцыі ў Івянцы, а святары – у Ашмянах. На духоўных практыкаваннях для моладзі, якая прыехала з розных мясцін Беларусі, 18-20 сакавіка 2022 г. айцы-францішкане падрыхтавалі малітвы, канферэнцыі, адарацыі і іншыя набажэнствы, якія чаргаваліся з рэкрэацыяй, дзе можна было пагутарыць, выпіць каву ці гарбату. А дзень засяроджання для святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, сабраў каля 40 святароў на чале з Біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам. Набажэнства Крыжовага шляху, канферэнцыя, св. Імша сталі асноўнымі пунктамі праграмы рэкалекцый.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

26 сакавіка 2022, 09:35