Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Беларускія вернікі моляцца Навэннай да св. Юзафа ў інтэнцыі міру ва Украіне - па закліку Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. У сваім звароце арцыбіскуп Юзаф Станеўскі запрасіў прысвяціць гэтае набажэнства ў інтэнцыі "спынення ўзброенага наступу ва Украіне, каб узялі верх перамовы і здаровы розум, каб ва ўсім свеце паважалася міжнароднае права". Як адзначыў іерарх, св. Юзаф "сутыкаецца з канкрэтнымі праблемамі сваёй сям’і гэтак жа, як сёння многія сем’і ў свеце, а асабліва ва Украіне". Таму – "ведае, як ператварыць праблему ў магчымасць, заўсёды давяраючы Провіду", працытаваў арцыбіскуп Станеўскі Апостальскі ліст Папы Францішка Patris corde.
У Стоўбцах ушанавалі св. Казіміра, але адмянілі фэст Стаўпецкія Казюкі. Свята ў гарадскім фармаце было запланавана на 6 сакавіка 2022 года – з працэсіяй, канцэртам, майстар-класамі. Аднак аргкамітэт паведаміў пра адмену фэсту і запрасіў да "малітвы за мір і супакой у гэты няпросты час" - з надзеяй, што фэст адбудзецца ў наступным годзе. Парафіяльны адпуст прайшоў у новазбудаваным стаўбцоўскім касцёле, Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з вернікамі на чале з пробашчам ксяндзом-канонікам Ігарам Лашуком іерарх маліўся аб міры і братэрстве ў Беларусі і ва ўсім свеце.
Па ініцыятыве супольнасці Легіён Марыі ў катэдры Магілёва правялі адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі міру ва Украіне. Адмысловая малітва прайшла 8 сакавіка 2022 года, у дзяржаўнае свята. Вернікаў запрасіў на адарацыю біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі – каб разам прасіць Пана Бога аб хутчэйшым спыненні вайны ва Украіне і аб тым, каб Беларусь не прымала ўдзел у гэтай вайне.
У Гродне адбыліся Велікапосныя дні засяроджання. У касцёле Маці Божай Анёльскай 7 сакавіка 2022 года сабраліся чальцы Францішканскага ордэну свецкіх – каля 60 мужчын і жанчын з розных куткоў Беларусі. Цэнтральнай падзеяй стала Імша, на якой адбылося прыняцце ў супольнасць новых чальцоў. А праз дзень у касцёле Адшукання Святога Крыжа прайшоў дзень засяроджання для святароў Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы ўдзельнічалі звыш 40 святароў на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам. Духавенства на сустрэчы асабліва малілася за братэрскі ўкраінскі народ, ахоплены вайной, просячы аб міры для гэтай краіны і ва ўсім свеце.
Працягваецца перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. У першую суботу месяца, 5 сакавіка 2022 года абразы сустракалі ў парафіі Перамянення Пана ў Крэве. Пасля св. Імшы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам мясцовыя вернікі маліліся ў інтэнцыі міру і згоды ва ўсім свеце і ў Беларусі. На працягу двух тыдняў у крэўскім касцёле асаблівым чынам будуць ушаноўваць Багародзіцу, даручаючы Яе апецы ўсіх жыхароў мястэчка і суседніх вёсак парафіі.
Выстава рэдкай кнігі адкрылася ў Мінску – тут экспануюцца кніжныя скарбы, нядаўна адшуканыя ў сховах былога кляштара брыгітак у Гродне. 10 сакавіка 2022 года ў Музеі кнігі ўпершыню для шырокай публікі прадставілі фрагмент архіва старадаўняй друкарні з аркушамі XVII і XVIII стагоддзяў. Паводле спецыялістаў, гэта часткі кніг Статут ордэна брыгітак 1673 года і Брэвіярый 1748 года.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.