Пошук

Лагатып ІІІ Еўрапейскіх каталіцкіх сацыяльных дзён Лагатып ІІІ Еўрапейскіх каталіцкіх сацыяльных дзён 

У Славакіі завяршыліся ІІІ Еўрапейскія каталіцкія сацыяльныя дні

Урачыстай літургіяй, якую цэлебраваў старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, кардынал Жан-Клод Олерыш у браціслаўскай катэдры, завяршыліся III Еўрапейскія каталіцкія сацыяльныя дні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 17 па 20 сакавіка 2022 года ў сталіцы Славакіі каля 150 прадстаўнікоў Касцёла, палітыкаў і навукоўцаў з усёй Еўропы абмяркоўвалі сацыяльныя выклікі і шляхі абнаўлення кантынента. У кантэксце каталіцкага вучэння гаварылася аб праблемах у такіх сферах, як сямейныя і дэмаграфічныя змены, сацыяльна-экалагічныя пераўтварэнні.

На форуме таксама дамінавала тэма вайны ва Украіне. Адным з дакладчыкаў быў Апостальскі экзарх для ўкраінцаў грэка-католікаў у Германіі, епіскап Багдан Дзюрах. У пасланні да ўдзельнікаў Сацыяльных дзён Францішак назваў вайну супраць Украіны “заганным злоўжываннем уладай”.

Узяць на сябе сумесную адказнасць неабходна не толькі ў барацьбе з наступствамі жудаснай вайны ва Украіне, але і ў іншых крызісах і выкліках, падкрэсліў кардынал Олерыш, адкрываючы абмеркаванне. Старшыня COMECE лічыць, што калі не будзе салідарнасці ў вырашэнні праблем, звязаных, напрыклад, са змяненнем клімату, і калі не наступіць сур’ёзнага ўспрымання неабходнасці сацыяльна-экалагічнай трансфармацыі, гэта стане падмуркам для новых войнаў.

Першыя Еўрапейскія каталіцкія сацыяльныя дні прайшлі ў 2009 годзе ў Гданьску. Гаспадаром другой сустрэчы стаў у 2014 годзе Мадрыд.
 

22 сакавіка 2022, 12:02