Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

ЗША: біскупы і тэолагі размаўлялі пра сутнасць рэформ Францішка

Група з каля 70 кардыналаў, біскупаў і тэолагаў сабралася ў Каталіцкім універсітэце Лаёлы ў Чыкага 25-26 сакавіка 2022 года, каб “падтрымаць рэформы Францішка ў духу Другога Ватыканскага Сабору”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле кардынала Оскара Радрыгеса Марадзьягі з Гандураса, чыё выказванне цытуе выданне National Catholic Repoter, адной з мэт сустрэчы стала імкненне “зразумець дух “апазіцыі” да папскіх ініцыятыў, выражанай у спробе пабудаваць сцены, вярнуцца ў мінулае, у тым ліку да “старой літургіі” і, магчыма, да іншых перадсаборных рэчаў”. Многія маладыя католікі не знаёмыя з Другім Ватыканскім Саборам, таму вельмі важна паказаць, што ўсе рэформы Францішка грунтуюцца на яго пастановах, - лічыць арцыбіскуп Тэгусігальпы і каардынатар Рады кардыналаў, якая дапамагае Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Неафіцыйную сустрэчу Папа Францішак, Другі Ватыканскі Сабор і “шлях наперад" арганізавалі тры каталіцкія навукова-даследчыя цэнтры: Універсітэт Лаёлы ў Чыкага, Бостанскі каледж і Універсітэт Фордхэма ў Нью-Ёрку. На яе, апрача кардынала Марадзьягі, прыехалі, між іншым, амерыканскія кардыналы: Блэйз Сьюпіч, Шон О'Мэлі і Джозэф Тобін, арцыбіскупы Мітчэл Роўзанскі, Джон Вэстэр, Чарльз Томсан і Раберта Гансалес Ніевэс. З боку Святога Пасаду прысутнічалі: Апостальскі нунцый у ЗША, арцыбіскуп Крыстаф П’ер і падсакратар у Сакратарыяце Сінода Біскупаў сястра Наталі Бэкар.

Тры асноўныя даклады тычыліся палярызацыі поглядаў у амерыканскім епіскапаце, “акадэмічнай атмасферы” ў амерыканскіх семінарыях і рэакцыі ў амерыканскіх дыяцэзіях на кансультацыі, звязаныя з Сінодам Біскупаў 2021-23 гадоў.

Дыскусіі праходзілі згодна з “Правілам Чатэм-Хаўса” (Chatham House Rule). У адпаведнасці з ім, дэлегаты і госці семінара не маюць права выдаваць аўтарства тых ці іншых меркаванняў за яго межамі, што павінна садзейнічаць шчырасці меркаванняў.

Па словах Крысцін Файрэр Хінза, дэкана кафедры тэалогіі Універсітэта Фордхэма і старшыні Каталіцкай асацыяцыі тэолагаў Амерыкі, адной з дзясяткаў прысутных тэолагаў, сустрэча праходзіла ў духу супрацоўніцтва. “Гэта не азначае, што трэба адразу ўводзіць нейкія змены ў дыяцэзіях, але, прынамсі, паказвае іх кірунак”, - выказала меркаванне яна.
 

31 сакавіка 2022, 11:17