Пошук

Францішак падчас візіту ў Фаціму. 13.05.2017 Францішак падчас візіту ў Фаціму. 13.05.2017 

Біскуп Фацімскі: Папа хоча нас наведаць

Біскуп партугальскай дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма Жазэ Арнэлас, пацвердзіў, што Францішак хацеў бы наведаць марыйны санктуарый з нагоды сваёй пілігрымкі на Сусветныя дні моладзі ў 2023 годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх перадаў гэтую інфармацыю сваім вернікам у лісце з нагоды дыяцэзіяльнай пілігрымкі ў Фацімскі санктуарый. Ён напісаў, што Папа “пацвердзіў сваё жаданне прыехаць у Фаціму” ў рамках міжнароднага моладзевага форума, які пройдзе ў сталіцы Партугаліі 1-6 жніўня 2023 года.

“У адказ на яго заклік мы хочам быць дыяцэзіяй, адкрытай і гасціннай для тых маладых людзей, якія будуць пілігрымаваць у Фаціму ў рамках сусветнай сустрэчы ў Лісабоне”, - напісаў біскуп Арнэлас у лісце, зачытаным ад яго імя ў санктуарыі.

Праграма прабывання Францішка на Сусветных днях моладзі пакуль не агучана. Як і ў выпадку ўсіх папскіх візітаў, яе апублікуе Святы Пасад. Звычайна адбываюцца пяць сустрэч з удзелам Папы: цырымонія прывітання ў чацвер, пятнічны Крыжовы шлях, суботняе чуванне, нядзельныя Імша і сустрэча з валанцёрамі.

Глабальнаму форуму па традыцыі будуць папярэднічаць Дні моладзі ў дыяцэзіях. Яны пройдуць 26-31 ліпеня 2023 года. Пілігрымы змогуць лепш пазнаёміцца з мясцовым Касцёлам і правесці час з жыхарамі Партугаліі напярэдадні галоўных падзей Сусветных дзён моладзі ў сямнаццаці дыяцэзіях, сярод якіх і Лейрыя-Фаціма.
 

07 красавіка 2022, 11:21