Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дзве супрацоўніцы Caritas загінулі ў Марыупалі

Марыупальскае аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Сaritas Украіна паведаміла пра трагічную гібель дзвюх сваіх супрацоўніц. Кардынал Луіс Антоніа Тагле скіраваў свае спачуванні.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Адзначаецца, што 15 сакавіка 2022 года цэнтр каталіцкай гуманітарнай місіі, у якім хаваліся жанчыны, быў абстраляны расійскімі танкамі. Разам з супрацоўніцамі арганізацыі загінулі пяць іх сваякоў.

“Я адчуваю глыбокі смутак і шок ад навіны пра напад, які прывёў да страты чалавечых жыццяў. Caritas Internationalis выказвае свае глыбокія спачуванні і блізкасць сем’ям загінулых і параненым. Наш сум ператвараецца ў заклік да міжнароднай супольнасці зрабіць усё магчымае, каб пакласці канец гэтаму насіллю, вярнуцца да дыялогу і прызнаваць кожнага чалавека братам і сястрой”, - заявіў у каментары для Vatican News прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў і старшыня Caritas Internationalis.

Кардынал Тагле заўважыў, што валанцёры, якія рызыкуюць сваім жыццём, выконваюць “святую справу”, сеючы праўду, справядлівасць, любоў і мір, якія зменяць свет. Ён запэўніў у малітве за гуманітарных работнікаў, якія гінуць падчас баявых дзеянняў, падкрэсліваючы, што іх намаганні не будуць марнымі і абавязкова прынясуць плён.
 

12 красавіка 2022, 12:37