Маскоўскі Патрыярхат пра месца сустрэчы Папы і Патрыярха
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"У цяперашняй складанай палітычнай сітуацыі вельмі ўважлівай прапрацоўкі патрабуюць не толькі пытанні, якія датычацца змястоўнага боку сустрэчы Папы і Патрыярха, але і пытанні бяспекі, лагістыкі", - адзначыў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату ў сваёй аўтарскай тэлеперадачы Царква і свет.
Паводле яго, пакуль нельга сказаць пра дакладны час і месца сустрэчы, "таму што гэтыя пытанні прапрацоўваюцца". "З самага пачатку Папа і Патрыярх хацелі сустрэцца там, дзе існуюць праблемы, дзе хрысціянскае насельніцтва мае патрэбу ў падтрымцы, таму, вядома, Блізкі Усход разглядаецца як адзін з прыярытэтных напрамкаў для падрыхтоўкі такой сустрэчы", - прызнаўся іерарх.
Гістарычная сустрэча паміж Францішкам і Кірылам адбылася 12 лютага 2016 года ў Гаване. Рымскія Пантыфікі і Патрыярхі Маскоўскія перад гэтым ніколі не сустракаліся. Аб падрыхтоўцы новай сустрэчы першым заявіў Папа. Гэта адбылося 6 снежня 2021 года ў самалёце на шляху з Афін у Рым. “Я заўсёды гатовы паехаць у Маскву. Каб паразмаўляць з братам не патрэбны пратаколы”, - сказаў тады Францішак.