Сусветная Рада Цэркваў: задакументаваць злачынствы ва Украіне
У кіраўніцтва Сусветнай Рады Цэркваў выклікалі жах зверствы ў Бучы і іншых раёнах пад Кіевам. Іх трэба расследаваць і задакументаваць, а вінаватых прыцягнуць да юрыдычнай і асабістай адказнасці.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Айцец Іаан Саўка, выконваючы абавязкі Генеральнага сакратара Рады, экуменічнага органа, у які ўваходзяць 349 пратэстанцкіх і праваслаўных Цэркваў, заявіў, што “вайна па сваёй сутнасці спрыяе такой жорсткасці”. На яго думку, гэта падкрэслівае неабходнасць стварэння сістэм юрыдычнай адказнасці.
Святар настойліва заклікае да неадкладнага спынення страшнага канфлікту, каб прадухіліць смерць людзей і разбурэнне краіны. “Мы звяртаемся да тых, хто адказвае за пачатак, кіраўніцтва і падтрымку гэтай вайны, спыніць кровапраліцце і разбурэнне і выратаваць жыцці ўсіх дзяцей, жанчын і мужчын, якія апынуліся на шляху іх амбіцый”, - гаворыцца ў звароце Сусветнай Рады Цэркваў.
05 красавіка 2022, 11:02