Браты з Тэзэ ў Львове Браты з Тэзэ ў Львове 

Браты з Тэзэ наведалі Украіну

“Украінцы перажываюць вельмі складаныя хвіліны, але яны даюць нам усім урок вытрываласці і надзеі”, - адзначыў пасля заканчэння візіту ва Украіну брат Бенуа з экуменічнай супольнасці Тэзэ.

Ян Глінскі - Vatican News

Па яго словах, супольнасць ужо працяглы час падтрымлівае жывыя адносіны з хрысціянамі Украіны, і таму браты хацелі асабіста наведаць сваіх супрацоўнікаў і сустрэцца з кіраўнікамі самых буйных Цэркваў у гэтай краіне. Манах падкрэсліў, што ўкраінцы разлічваюць на малітву хрысціян Еўропы і заклікаюць быць уважлівымі з прычыны расійскай дэзінфармацыі.

Прадстаўнік экуменічнай супольнасці заўважыў, што трагічныя падзеі вайны парадаксальным чынам паўплывалі на збліжэнне ўкраінскіх хрысціян.

“Экуменічная сітуацыя ва Украіне вельмі складаная і багатая. Моладзь, якая бярэ ўдзел у сустрэчах Тэзэ, паходзіць з розных Цэркваў. Таму для нас было важна, каб, прыбываючы ў краіну, мы маглі выслухаць тое, што хочуць сказаць кіраўнікі розных супольнасцей. Я думаў, што з прычыны вайны не змагу правесці шмат сустрэч. Але было зусім наадварот. Адбылося больш сустрэч, чым у мінулыя гады”, - падзяліўся брат Бенуа.

Ён размаўляў з праваслаўнымі біскупамі абодвух патрыярхатаў, а таксама з іерархамі Грэка-Каталіцкага і Рыма-Каталіцкага Касцёлаў. “Трэба прызнаць, што перад абліччам вайны настала выключнае адзінства паміж украінскімі хрысціянамі”, - дадаў прадстаўнік Тэзэ.
 

15 мая 2022, 12:39