Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

COMECE: даць станоўчы адказ на просьбу Украіны аб далучэнні да ЕС

З нагоды Дня Еўропы, які адзначаецца 9 мая ў краінах Еўрасаюза, старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці абнародаваў адмысловую дэкларацыю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Жан-Клод Олерыш нагадаў, што Дзень Еўропы адзначаецца ў памяць аб гістарычнай Дэкларацыі Шумана, якая адкрыла шлях для прымірэння і палітычнага супрацоўніцтва ў Еўропе і практычна выключыла магчымасць вайны паміж еўрапейскімі народамі.

Арцыбіскуп Люксембурга пацвердзіў імкненне Каталіцкага Касцёла ў ЕС быць “верным і сумленным спадарожнікам на шляху аб’яднання Еўропы”. Ён нагадаў пра фундаментальныя каштоўнасці, абвешчаныя ў Дэкларацыі Шумана, падкрэсліваючы патрэбу ў захаванні міру і бяспекі, дасягнення трывалага развіцця і дабрабыту.

Спасылаючыся на трагедыю вайны, якая вярнулася на тэрыторыю Еўропы разам з расійскай агрэсіяй супраць Украіны, кардынал Олерыш выказаў спадзяванне на тое, што “мір у Еўропе і ў свеце стане менш крохкім, а ўжыванне зброі – менш частым”.

Іерарх заклікаў структуры і краіны-члены Еўрапейскага Саюза даць “станоўчы і рэалістычны” адказ на просьбу Украіны аб будучым членстве ў ЕС, а таксама даць “верагодную перспектыву ўступлення” ўсімі іншым еўрапейскім краінам, якія таксама скіравалі свае просьбы і нават прайшлі шлях сур’ёзных рэформ.

Кардынал Олерыш нагадаў пра ўклад Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, якую ўзначальвае, у прапанаванне каталіцкага погляду на сучасныя ключавыя выклікі і праблемы грамадзян, такія як дэмаграфічныя, лічбавыя і экалагічныя перамены, а таксама ўмацаванне пазіцый моладзі і ролі ЕС у свеце.
 

09 мая 2022, 12:54