Кардынал Кох да Цэркваў Блізкага Усходу пра шлях сінадальнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству адзначыў, што ў цяжкія часы трэба не паддавацца спакусе замкнёнага мыслення, а скарыстацца запрашэннем ісці разам па шляху сінадальнасці.
Як падкрэсліў іерарх, сёння хрысціяне Блізкага Усходу, як і ўсё чалавецтва, сутыкаюцца з шэрагам праблем. Канфлікт у Сірыі, пакуты, выкліканыя насіллем і дыскрымінацыяй, эміграцыя многіх хрысціян з гэтай тэрыторыі, з'яўленне новых падзелаў сярод хрысціян, а таксама зло, што ўплывае на ўвесь свет: змяненне клімату, пандэміі і войны ў многіх месцах, уключаючы Еўропу, – усё гэта прыводзіць да таго, што людзі, асабліва хрысціяне, падвяргаюцца спакусе “замкнёнага канфесійнага мыслення, заснаванага на іх уласнай сацыякультурнай ідэнтычнасці і партыкулярызме”.
Кардынал Кох лічыць, што трэба звярнуць увагу на сінадальнасць, якую Дух Святы паказаў усім хрысціянам. Паслядоўнікі Хрыста павінны бачыць “агульны шлях” (syn-hodos) да поўнай еднасці, на якім яны набліжаюцца да Хрыста і адно да аднаго.
Праца Рады, уключаючы сумесныя праекты на рэгіянальным узроўні, сустрэчы, адукацыю, тэалагічную рэфлексію, сацыяльнае служэнне, міжрэлігійны дыялог і прасоўванне правоў чалавека, асабліва жанчын і моладзі, умацавала ўсю хрысціянскую супольнасць, - звярнуў увагу ватыканскі іерарх.
Як падкрэсліў кардынал Кох, клопат Францішка аб Блізкім Усходзе стаіць на адным з першых месцаў у яго пантыфікаце, што паказалі, у тым ліку, яго шматлікія падарожжы ў рэгіён. Дзякуючы ініцыятывам Папы, хрысціяне маюць магчымасць “нанова адкрыць сябе як браты і сёстры ў Хрысце, распазнаць тое, чаму навучыліся адно ад аднаго; яны могуць умацаваць тое, што ўжо аб’ядноўвае – хрост, дзякуючы якому мы ўжо зараз з’яўляемся часткамі адзінага Цела Хрыста”.
Старшыня Папскай рады выказаў спадзяванне на тое, што Уваскрослы Пан дасць хрысціянам еднасць, таксама ў Эўхарыстыі. “Так, як Мудрацы, як вучні з Эмауса, давайце разам крочыць да благаслаўлёнага дня, у які мы зможам разам есці і піць Яго Цела і Кроў”, - заключыў кардынал Кох.