Германія: акцыя Renovabis, прысвечаная ахвярам вайны ва Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З пачатку ўзброенага канфлікту фонд падтрымаў 57 праектаў па арганізацыі пражывання, догляду і падтрымкі для ўкраінскіх ахвяр вайны і бежанцаў у самой Украіне і за мяжой на агульную суму 2,7 мільёна еўра. Аб гэтым паведаміла арганізацыя, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Фрайзінгу.
Renovabis таксама працягвае падтрымліваць сацыяльныя, душпастырскія і адукацыйныя праекты ў іншых краінах-партнёрах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, звязаныя з наступствамі пандэміі.
Інаўгурацыя сёлетняй кампаніі Renovabis пройдзе ў нямецкай Фульдзе. Імшу 22 мая 2022 года ў мясцовай катэдры ўзначаліць біскуп Міхаэль Гербер. Традыцыйны збор грашовых ахвяраванняў у рамках акцыі салідарнасці нямецкіх католікаў з Усходняй Еўропай завершыцца ўрачыстай Імшой у нядзелю Пяцідзясятніцы.
Renovabis з'яўляецца самай маладой з шасці нямецкіх каталіцкіх арганізацый дапамогі Паўсюднаму Касцёлу. Сваю назву яна атрымала ад слоў Псальма 104: Emitte spiritum tuum... et renovabis faciem terrae” (Ты пасылаеш свайго Духа... і аднаўляеш аблічча зямлі).
Акрамя аказання дапамогі з 1997 года, Renovabis кожны год ладзіць міжнародныя кангрэсы. Яны служаць абмену інфармацыяй і дыскусіям аб важных з’явах у Касцёле і грамадстве Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. На іх падымаюць тэмы, важныя для ўсяго кантынента.