Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тэзэ: сустрэча моладзі ў Святой Зямлі

У супрацоўніцтве з Цэрквамі Святой Зямлі і Экуменічным Інстытутам Тантура Супольнасць Тэзэ 8-15 мая 2022 года праводзіць у Святой Зямлі міжнародную сустрэчу моладзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Форум арганізаваны не толькі ў Іерусаліме, але і ў Бэтлееме і суседніх гарадах, а таксама ў Галілеі, Назарэце і гары Табар. Сюды прыехалі брат Алоіс і дзесяць братоў з супольнасці.

Усе Цэрквы прынялі ўдзел у працяглай падрыхтоўцы да сустрэчы. У лютым і сакавіку прайшлі сорак падрыхтоўчых вечароў малітвы і рэфлексіі, у тым ліку для жыхароў ізаляваных вёсак Палестыны і студэнтаў прэстыжнага Тэхніёна ў Хайфе.

Да арганізацыі прыёму моладзі далучыліся грэка-праваслаўныя хрысціяне, вернікі Армянскай Апостальскай Царквы, католікі розных абрадаў, лютэране і англікане.

На гэтым тыдні ўсе разважаюць на тэму: Разам да крыніц надзеі. Песні Тэзэ гучаць у найпрыгажэйшых касцёлах Іерусаліма, Бэтлеема і Галілеі. Яны чаргуючыся з абменам думкамі, майстар-класамі, наведваннем месцаў пакуты і надзеі.

У сустрэчы ўдзельнічаюць трыста маладых людзей з многіх краін Еўропы і іншых кантынентаў. Кожную раніцу ў касцёлах і прымаючых сем’ях адбываецца абмен думкамі і духоўным досведам з моладдзю са Святой Зямлі.
 

11 мая 2022, 11:28