Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Развітанне са Станіславам Шушкевічам праходзіць у мінскай архікатэдры. Палітык, доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН, першы кіраўнік незалежнай Беларусі адышоў у вечнасць 4 мая 2022 года на 88-м годзе жыцця. З раніцы 7 мая ў архікатэдральным касцёле адбываецца малітва і развітанне з памерлым у цішыні, а 12-й гадзіне запланавана святая Імша ў інтэнцыі вечнага жыцця для спачылага. Станіслаў Шушкевіч кіраваў краінай у 1991-1994 гадах на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету, прычыніўся да вяртання каталіцкіх святынь вернікам.
А ў Гродне напярэдадні развіталіся з найстарэйшым каталіцкім святаром Беларусі ксяндзом Ежы Лявінскім. Шматгадовы выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адыйшоў у вечнасць 3 мая 2022 года на 93-м годзе жыцця. Пахаванне спачылага адбылося 6 мая ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа. Ксёндз Ежы, ураджэнец Дзятлава, у савецкія часы ездзіў на душпастырскую працу ў Беларусь, Расію і Казахстан, а з 1990 года, з пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, быў яе выкладчыкам.
У Будславе біскуп Юрый Касабуцкі распачаў Марыйны месяц супольнай малітвай з удзельнікамі касцёльных рухаў. Перад цудадзейным абразом у Нацыянальным санктуарыі 1 мая 2022 года Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, у якой удзельнічалі прадстаўнікі шэрагу касцёльных рухаў і супольнасцяў, што дзейнічаюць у краіне: Хатні Касцёл, Маці ў малітве, Жывы Ружанец і іншыя.
Урачыстасці Дыяцэзіяльнага дня маці з удзелам Біскупа Гродзенскага прайшлі ў Тракелях. 1 мая 2022 года ў дыяцэзіяльным санктуарыі сабраліся вернікі з розных куткоў дыяцэзіі – некаторыя прыйшлі пешкі з Ліды, а таксама з іншых месцаў. Кульмінацыяй святкаванняў стала св. Імша, якую цэлебраваў Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх маці дыяцэзіі: як жывых, так і тых, хто ўжо адышоў у вечнасць. Іерарх асабліва заахвоціў да малітвы за маці, якія яшчэ толькі носяць пад сэрцам новае жыццё, каб яны цанілі яго як найбольшы Божы дар.
З удзелам арцыбіскупаў у Мінску праходзіць канферэнцыя Хрысціянская сям’я перад абліччам сучасных выклікаў. 7 мая 2022 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры дабрачыннай місіі Добрага Самараніна сустрэчу арганізавала Экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры архідыяцэзіі. У канферэнцыі бяруць удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Сярод тэм выступленняў – Погляд Каталіцкага Касцёла на сям’ю і выхаванне моладзі, Выхаванне моладзі да сямейнага жыцця, Сучасныя пагрозы сям’і, Падрыхтоўка да сужэнства.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.