Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскуп Віцебскі сустрэўся з духавенствам дыяцэзіі. Святары і сёстры законныя збіраліся на малітву ў Полацку, Глыбокім і Паставах адпаведна 16, 17 і 18 мая 2022 года. Акрамя ўдзелу ў набажэнствах разам з біскупам Алегам Буткевічам абмяркоўвалі тэму аднаўлення пілігрымковага руху, які быў спынены падчас пандэміі каранавіруса, таксама на сустрэчах прадставілі Літургічны дапаможнік для святароў.

Апостальскі нунцый узяў удзел у экспертнай сустрэчы ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў. 18 мая 2022 года арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў установу, дзе яго, у прыватнасці, пазнаёмілі з даследаваннем на тэму каштоўнаснага партрэту сучаснага беларускага грамадства. Ватыканскі дыпламат адзначыў вялікі патэнцыял Беларусі і станоўчую ролю, якую яна можа адыграць для вырашэння вострых праблем у рэгіёне на міжнародным узроўні, звярнуўшы ўвагу на магчымыя канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку ў святле 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам.

У парафіі на Гродзеншчыне ў сотую гадавіну аднаўлення касцёла з’явіліся рэліквіі святога Андрэя Баболі. У літургічны ўспамін гэтага мучаніка беларускай зямлі, 16 мая 2022 г., біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч унёс рэліквіі ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Андрэя Баболі ў Казловічах. Вернікі і госці сабраліся тут з двайной нагоды – у гэты ж дзень святкавалі 100-гадовы юбілей аднаўлення і асвячэння касцёла. Ардынарый цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, за ўсіх, хто прычыніўся да паўстання гэтай святыні, і за святароў, якія тут служылі.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў Ракаў для ўдзелу ў сустрэчы святароў Валожынскага дэканату. 18 мая 2022 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў гістарычнае мястэчка ў дзень, калі 118 гадоў таму тут адбылося асвячэння вуглавога каменя пад будову новай мураванай святыні. Іерарх узначаліў святую Імшу, а пасля супольнай малітвы бліжэй пазнаёміўся са святарамі Валожынскага дэканату, даведаўся пра жыццё іх парафіяльных супольнасцяў і душпастырскія ініцыятывы.

У Баранавічах у пяты раз прайшоў фестываль для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Мерапрыемства Вясёлка талентаў 18 мая 2022 года арганізавала супольнасць Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і. Фестываль сабраў маладых артыстаў з Баранавічаў і Баранавіцкага раёна, Ашмян і Пінска, Докшыцкага раёна, Ляхавічаў і Мінска. Дзеці прадставілі выставу сваіх работ і выступы на сцэне з вершамі, песнямі, танцамі.

Копіі цудатворных абразоў Божай Маці працягваюць перэгрынацыю па ўсходзе Беларусі. 14 мая 2022 года на выставе ў Гомелі абразы сустракалі разам каталіцкае і праваслаўнае духавенства, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Выставу наведалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, кіраўнік Гомельскай епархіі БПЦ архіепіскап Стэфан, епіскап Светлагорскі Амвросій. Работы мастачкі Ядвігі Сянько прыйшлі ўбачыць многія гомельцы. Мерапрыемства адкрыла выступленне хору Мінскага Чырвонага касцёла.

Зоркі беларускай оперы выступілі ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску. 16 мая 2022 года артысты прадставілі праграму Ростані, якая ўключала беларускую вакальную музыку розных эпох і кірункаў. Барока, класіка, народныя песні выканалі салісты Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі, партыі фартэпіяна – Паліна Задрэйка. У межах праграмы, у прыватнасці, гучалі канты са славутага зборніка Полацкі сшытак.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

21 мая 2022, 07:39