Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Пасля двухгадовага перапынку па цэнтры Мінска пройдзе Эўхарыстычная працэсія. Касцёл атрымаў дазвол ад гарадскіх уладаў на тое, каб традыцыйная працэсія Божага Цела прайшла 29 мая 2022 года ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы па праспекце Незалежнасці да касцёла святых Сымона і Алены. Звычайна ў агульнагарадской Эўхарыстычнай працэсіі ў Мінску ўдзельнічаюць тысячы чалавек, але папярэднія два гады набажэнства на цэнтральных вуліцах не праводзіліся. Афіцыйнай прычынай была пандэмія каронавіруса.

Аднаўляюцца масавыя пешыя пілігрымкі ў Будслаў. Ужо вядома пра арганізацыю пілігрымак з Мінска, Баранавічаў і Нарачы - як і раней, пасля двухгадовага перапынку з-за кавідных абмежаванняў, многія вернікі будуць ісці пешшу ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Фэст у гонар цудатворнага абраза прызначаны на 1-2 чэрвеня 2022 года і пройдзе пад дэвізам “Каралева супакою, маліся за нас”. Першая пілігрымка выйдзе 23 чэрвеня з Баранавічаў – за 9 дзён удзельнікам трэба будзе прайсці амаль 300 кіламетраў.

У Навагрудку адбыўся І Біблійны кангрэс. На сустрэчы 20-21 мая 2022 года абмяркоўвалі тэму Сінадальнасць у Святым Пісанні. Кангрэс адкрыў сваім прывітальным словам ганаровы госць мерапрыемства, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Зацытаваўшы словы святога Іераніма “Няведанне Святога Пісання з’яўляецца няведаннем Бога”, іерарх зазначыў, што шлях хрысціяніна – жыццё паводле Божай волі, якая запісана ў Бібліі. З дакладамі выступілі выкладчыкі Біблійнай школы Прафэтэс, вядомыя біблісты і тэолагі з усёй Беларусі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў Першую Камунію маленькім вернікам мінскай катэдральнай парафіі. Тут 22 мая 2022 года заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой 40 дзяцей прынялі Першую Камунію. У гаміліі арцыбіскуп эмерыт нагадаў словы Езуса Хрыста: дазволіць дзецям прыходзіць да Яго, і падкрэсліў, што “Першая Камунія – гэта свята дзяцей, сям’і і парафіі”.

Сустрэча для духоўных асобаў і катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Тракелях. 23 мая 2022 года ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў правялі дзень засяроджання для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў. На заканчэнне катэхетычнага году ўдзельнікі сустрэчы пачулі канферэнцыю “Марыя, Маці і ўзор новай евангелізацы”", з якой выступіў айцец-доктар Андрэй Шчупал.

У Бараўлянах з удзелам біскупаў прайшла сустрэча міністрантаў з усіх салезіянскіх парафій Беларусі. З 20 па 22 мая 2022 года тут сабраліся 65 удзельнікаў з’езда – міністранты, лектары і кандыдаты з Мінска, Жупранаў, Смаргоні, Дзятлава і саміх Бараўлянаў, а таксама прадстаўнікі літургічнай службы алтара з Баранавічаў. Сустрэчу наведалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі і Юрый Касабуцкі.

Чатыры біскупы прыехалі ў пасёлак на Шчучыншчыне, каб павіншаваць мясцовага пробашча з юбілеем. 25 мая 2022 года 30-годдзе святарства адзначыў пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку ксёндз Ян Рэйшэль. На свята прыбылі старшыня біскупскай канферэнцыі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы, на якой прысутнічалі вернікі, сябры, праваслаўныя святары, госці, прадстаўнікі мясцовай улады.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

28 мая 2022, 08:13