Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Папскім універсітэце размаўлялі пра барацьбу з курэннем

У Папскім універсітэце Санта-Крочэ ў Рыме прайшоў семінар: Касцёл па праблеме зніжэння негатыўных наступстваў курэння, арганізаваны пад патранажам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На форуме падкрэслівалася важнасць зніжэння шкоды, звязанай з паленнем тытуню, гучалі заклікі да больш шырокага падыходу да тытунёвай залежнасці, арыентаванага на чалавека. Семінар арганізавалі з нагоды штогадовага Сусветнага дня без тытуню, які адзначаецца пад эгідай СААЗ.

У лісце да арганізатараў і ўдзельнікаў семінара Папа напісаў: "Культура жыцця – гэта спадчына, якой хрысціяне павінны дзяліцца з усімі. Кожнае чалавечае жыццё, унікальнае і непаўторнае, мае неацэнную каштоўнасць. Гэта трэба абвяшчаць зноў і зноў, з адвагай слоў і ўчынкаў. Спадзяюся, што разважанні над гэтай канкрэтнай праблемай змогуць дапамагчы многім людзям усвядоміць, што фізічнае здароўе – гэта дар ад Бога, які даў нам Пан, і пра які мы павінны клапаціцца з усёй адказнасцю".

У сваёй прамове прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны падкрэсліў, што для стварэння “асяроддзя, у якім новыя кліенты не будуць эксперыментаваць з тытунём, а актыўныя курцы знойдуць матывацыю кінуць паліць, усе партнёры павінны супрацоўнічаць у рэалізацыі мер па барацьбе з курэннем, якія будуць эфектыўна зніжаць попыт на цыгарэты”. На яго думку, палітычнае кіраўніцтва павінна забяспечыць грамадзянам лёгкі доступ да дапамогі ў адмове ад курэння.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара, пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры СААЗ, арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву спаслаўся на нядаўнія рашэнні Францішка аб прамым зніжэнні наступстваў курэння: ён забараніў ватыканскім крамам гандляваць цыгарэтамі. Дыпламат падкрэсліў, што Святы Пасад не можа спрыяць дзейнасці, якая шкодзіць здароўю чалавека.

“Такое рашэнне, магчыма, не стала папулярным сярод курцоў, якія працуюць у Ватыкане, але яго, безумоўна, віталі многія іншыя. Вядома, прададзеныя цыгарэты былі крыніцай даходу, а значыць, гэта было смелае, але правільнае рашэнне. Ніякі прыбытак не можа быць апраўданы, калі гаворка ідзе пра небяспеку для жыцця”, - адзначыў іерарх.

Напрыканцы семінара ўдзельнікі падпісалі так званую Рымскую дэкларацыю, выказваючы сваю волю працягваць працу па зніжэнні наступстваў курэння.
 

31 мая 2022, 10:52