COMECE заахвочвае моладзь да дыскусіі пра будучыню Еўропы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум пройдзе 15 чэрвеня 2022 года. У ім будуць браць удзел каля 100 маладых дэлегатаў ад епіскапатаў краін Еўрапейскага Саюза. Праграма сесіі ўключае ў сябе дыскусію з Аліверам Варгеі, венгерскім палітыкам, Еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы добрасуседства і перамовах аб пашырэнні.
Генеральны сакратар COMECE у каментары для Vatican News падкрэсліў, што арганізатары ініцыятывы кіруюцца словамі папы Францішка, які кажа пра тое, што моладзь – гэта не толькі будучыня свету, але таксама яго сучаснасць. Ксёндз Мануэль Барыёс Прыета заўважыў, што кантакты з будучымі ўдзельнікамі з’езду ўжо паказалі вялікае ўсведамленне маладымі католікамі сваёй адказнасці на будучыню Еўропы.
Анлайн-сустрэча стане ініцыятывай у рамках Года моладзі ў ЕС, а таксама часткай працэсу, які рэалізоўваўся у кантэксце Канферэнцыі аб будучыні Еўропы: падчас яе грамадзян Еўрасаюза мелі магчымасць дзяліцца ідэямі аб будучыні кантынента , сустракацца і праводзіць дыскусіі з прадстаўнікамі розных сектараў ЕС. 9 мая 2022 года іх прапановы былі прадстаўлены еўрапейскім структурам.
“Мы бы хацелі ўключыць гэты сход у кантэкст Канферэнцыі аб будучыні Еўропы, каб маладыя католікі маглі зрабіць пэўны ўнёсак у гэты працэс, разважаючы пра тое, якой будучыні мы хочам для нашага кантынента”, - сказаў ксёндз Прыета, адзначаючы, што маладыя ўдзельнікі сустрэчы паразмаўляюць пра дэмакратыю, еўрапейскія каштоўнасці, дыялог з краінамі за межамі ЕС, экалогію, лічбавую трансфармацыю, пераадоленне пандэміі, а таксама падзеляцца сваімі думкамі з прадстаўнікамі структур Еўрапейскага Саюза.