Канада: папскае падарожжа па-ранейшаму актуальнае
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Рэакцыя звязана з распаўсюджанай на днях інфармацыяй аб пераносе падарожжа Папы ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан, якое планавалася на 2-7 ліпеня 2022 года. Як адзначаецца, рашэнне прынята па просьбе медыкаў, каб не паставіць пад пагрозу вынікі лячэння, якое Святы Айцец праходзіць у сувязі з болем у калене.
Адтэрміноўка афрыканскай пілігрымкі не ставіць пад пагрозу запланаванай паездкі ў Эдмантан, Квебек і Ікалуіт 24-29 ліпеня 2022 года. Прадстаўнік архідыяцэзіі Таронта Ніл МакКарці паведаміў, што маршрут Папы ўключае некалькі працяглых перыядаў адпачынку. Канадскі епіскапат падкрэсліў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з прадстаўнікамі Святога Пасаду ў рамках падрыхтоўкі да візіту.
"Здароўе Францішка з'яўляецца сур'ёзным выклікам", - сказала Эрыка Хасінта, дырэктар па камунікацыях Манрэальскай архідыяцэзіі і кіраўнік аддзела камунікацыі са СМІ падчас папскага візіту. Узрост і "абмежаваная рухомасць” Пантыфіка могуць азначаць, што “яго ўдзел у мерапрыемствах можа быць значна абмежаваны”. Адказваючы на пытанне аб магчымасці адмены паездкі ў Канаду, Хасінта патлумачыла, што планаваліся розныя сцэнарыі, але “не будзе ніякіх спекуляцый аб іх верагоднасці”.
“Мы шчыра спадзяемся, што Папа прыедзе ў Канаду, і молімся, каб ён ажыццявіў сваё жаданне наведаць абарыгенаў на землях іх продкаў”, - дадала Хасінта, падкрэсліваючы, што “Святы Айцец усім сэрцам жадае прыехаць у Канаду”.
Больш за месяц Францішак знаходзіцца ў інваліднай калясцы з прычыны запалення звязак правага калена, што ўжо вымусіла яго адмяніць некалькі мерапрыемстваў. Падчас сваёй на сённяшні дзень адзінай у 2022 годзе паездкі, на Мальту, 2 і 3 красавіка 2022 года, ён быў вымушаны скарыстацца ліфтам, каб сесці і выйсці з самалёта.