Пошук

Лагатып Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы Лагатып Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы 

Прэс-сакратары епіскапатаў Еўропы дыскутуюць пра вайну

У Тыране, сталіцы Албаніі, распачалася трохдзённая сустрэча кіраўнікоў прэс-службаў і прэс-сакратароў епіскапатаў, якія ўваходзяць у Раду Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

Ян Глінскі - Vatican News

На тэму “Намаганні на карысць міру і сінадальны шлях: якая Еўропа?” удзельнікі форуму разважаюць з 9 да 11 чэрвеня 2022 г. У праграме, між іншым, такія пытанні як прыняцце бежанцаў з Украіны і мігрантаў, сінадальны працэс, дэмаграфічная зіма, абарона жыцця.

Як адзначыў генеральны віцэ-сакратар і прэс-сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы айцец Антоніа Аміраці, пытанне вайны ва Украіне было ўнесена ў праграму форуму для таго, “каб зразумець, якою Еўропа выйдзе з гэтага, і якая роля Касцёла ў гэтым працэсе“.

Святар нагадаў, што мноства бежанцаў сустрэлі гасціннасць у суседніх краінах, але існуе неабходнасць не толькі ў забеспячэнні ім нармальнага жыцця і інтэграцыі, але і ў тым, каб яны атрымалі “духоўную і душпастырскую падтрымку, якую важна гарантаваць у сітуацыі такога характару”.

Як сцвердзіў прэс-сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, трэба “зразумець задачы, якія стаяць перад Касцёлам, каб прымаць не толькі ўкраінцаў, але ўсіх людзей, якія стукаюць у дзверы Еўропы”, а гасціннасць можа стаць “момантам узаемнага абмену верай, традыцыямі і духоўным досведам”.

У ходзе сустрэчы ўдзельнікі таксама прадставяць досвед лакальных Касцёлаў у перажыванні першага этапу сінадальнага працэсу, ініцыяванага Папам у кастрычніку мінулага года, кульмінацыяй якога стане ватыканская асамблея ў кастрычніку 2023 года.

Па словах айца Аміраці, першы этап прайшоў “з вялікім энтузіязмам і актыўным удзелам”. “Еўрапейскія біскупскія канферэнцыі маюць розны рытм, але становіцца відавочным сапраўдны ўзаемаабмен досведам, і з гэтага супольнага слухання будуць сфарміраваны канкрэтныя прапановы для кантынентальнага этапу, на які збярэ нас у Празе 12-15 лютага 2023 года”, – адзначыў прэс-сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

Дзелячыся думкамі, якія выклікі стаць перад Касцёлам у Еўропе, айцец Антоніа Аміраці ўказаў на ўплыў пандэміі на жыццё будучых пакаленняў, а таксама на наступствы вайны, якія яшчэ доўга будуць адчувацца па ўсёй тэрыторыі кантынента. “Таму задача заключаецца ў тым, каб падкрэсліць цэнтральную ролю чалавечай асобы, што кожны мае права жыць у міры на зямлі, дзе ён нарадзіўся, і мець магчымасць будаваць сваю будучыню”, - дадаў прэс-сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

10 чэрвеня 2022, 08:41