Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі іерарх перасцерагае ад секулярызацыі ў літургіі

Секулярызацыя ўплывае на наш досвед Эўхарыстыі, і таму мы павінны быць вельмі асцярожнымі ў гэтым плане, - на гэта ўказаў прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал-намінант Артур Рошэ падкрэсліў, што секулярызацыя імкнецца да прымяншэння боскага. Ён прызнаў, што на сённяшнюю літургію таксама негатыўна ўплываюць індывідуалізм і рэлятывізм, а таксама перавага асабістых прыярытэтаў. Аднак тое, як мы цэлебруем літургію, не залежыць ад нашага асабістага выбару: мы робім гэта супольна, як увесь Касцёл, - дадаў іерарх.

На яго думку, менавіта секулярызацыя аслабляе рэлігійнасць. “Заняпад рэлігійнай практыкі ў нядзелю адбываецца ў асноўным на Захадзе. Гэта перш за ўсё наступства секулярызацыі і змены статусу нядзелі. Калі я быў малады, у гэты дзень крамы не працавалі. Мы вельмі рэдка гулялі ў футбол. (...) Нядзельная раніца заўсёды была святой, таму што тады ўсе ішлі ў касцёл. Нядзеля для нас – Дзень Божы. Гэта тое, чым мы абавязкова павінны скарыстацца”, - сказаў прэфект у інтэрв’ю Vatican News.

Ён бачыць выхад ва ўзмоцненай катэхізацыі і блізкасці Касцёла да людзей. “Калі я быў маладым святаром, мой біскуп казаў, што там, дзе святар ідзе да людзей, людзі ідуць у касцёл. Я думаю, што гэтая блізкасць паміж святаром і людзьмі тут вельмі важная”, - прызнаўся кардынал-намінант Рошэ.
 

21 чэрвеня 2022, 11:43