Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У гарадах Беларусі прайшлі масавыя Эўхарыстычныя працэсіі. У Магілёве 12 чэрвеня 2022 года набажэнства ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а непасрэдна ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста арцыпастыр прыняў удзел у працэсіі ў Нясвіжы. У той жа дзень у Гродне мясцовы ардынарый, біскуп Аляксандр Кашкевіч, узначаліў Эўхарыстычную працэсію. 19 чэрвеня маніфестацыі веры католікі правядуць у Віцебску і Гомелі.

Іерархі наведалі фэсты ў гонар святога Антонія Падуанскага на Віцебшчыне і Гродзеншчыне. У дзень парафіяльнага адпусту, 13 чэрвеня 2022 года да вернікаў у Талачын прыбыў пастыр Віцебскай дыяцэзіі, старшыня беларускага епіскапату, біскуп Алег Буткевіч. У той жа дзень арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на сваёй малой радзіме ў Адэльску, дзе ўзяў удзел у традыцыйным фэсце ў гонар святога Антонія.

А ў Ішкалдзі на Берасцейшчыне адзначылі адпуст і 550-гадовы юбілей касцёла Найсвяцейшай Тройцы. 12 чэрвеня 2022 года тутэйшыя вернікі і іх нашчадкі з розных мясцін Беларусі сабраліся на адпустовую ўрачыстасць у родны касцел, каб святкаваць урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы і юбілей старадаўняй святыні. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец – найстарэйшы беларускі іерарх менавіта тут распачаў шлях свайго святарскага служэння.

Заканчэнне навучальнага года адзначылі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. 14 чэрвеня 2022 года Эўхарыстыю ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутных прывітаў рэктар семінарыі ксёндз-канонік Віталій Вайцяхоўскі. Святар адзначыў, што гэты радасны дзень дае магчымасць зірнуць на пройдзены шлях, які ў семінарыйнай фармацыі вядзе да Хрыстовага алтара. Гэты год у гісторыі навучальнай установы быў трыццаць другім па ліку.

Будслаўскі касцёл адкрылі для наведвання пасля чарговага этапу рэстаўрацыі, трывае запіс у пілігрымкі. Традыцыйныя пешыя паломніцтвы ў Нацыянальны санктуарый адбудуцца з Баранавічаў, Мінска, Нарачы, Полацка, Смаргоні ды іншых куткоў Беларусі. Нагадаем, Будслаўскі фэст пройдзе 1-2 ліпеня 2022 г.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

18 чэрвеня 2022, 10:38