45 гадоў з дня смерці Льва Гарошкі: успаміны архімандрыта Сяргея Гаека
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У дзень асаблівага ўспаміну пра айца Льва Гарошку на папскую радыёстанцыю завітаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. Ён памаліўся аб вечным супакоі для святара ў капліцы Ватыканскага радыё – месцы, дзе і сам айцец Леў давяраў Богу свае радасці, праблемы і спадзяванні.
Дзелячыся ўспамінамі, архімандрыт Сяргей распавёў, што прыехаў у Рым у 1978 годзе – праз год пасля смерці айца Гарошкі. У генеральным доме айцоў-марыянаў ён пасяліўся ў тым жа пакоі, дзе жыў і працаваў знакаміты беларускі святар. Тут жа была магчымасць пазнаёміцца з яго літаратурнай спадчынай, значную частку якой складалі катэхетычныя і тэалагічныя матэрыялы, падрыхтаваныя для эфіраў Ватыканскага радыё.
“На жаль, я асабіста не сустракаўся з айцом Гарошкам. Пазней я меў магчымасць паехаць у Лондан, размаўляў там з епіскапам Чэславам Сіповічам, айцом Язэпам Германовічам. Пра Гарошку ў іх было такое меркаванне: шмат пісаў і шмат маўчаў, хоць вельмі часта даволі крытычна адносіўся да некаторых спраў, з якімі сустракаўся”, - падзяліўся архімандрыт Сяргей.
Пра айца Льва Гарошку часта казалі як пра “тытана працы”, прычым не толькі ў беларускай місіі ў Лондане, але таксама ў Парыжы, бо значны перыяд жыцця айцец Леў служыў у французскай сталіцы. Пасля Другой сусветнай вайны тут было шмат беларусаў: адны прыходзілі ў касцёл Сэн-Сюльпіс, дзе ён служыў літургію, іншыя звярталіся да яго за дапамогай ці парадай. Многія з іх сведчылі, што айцец Гарошка быў адкрытым чалавекам, а ў той жа час не вельмі эмацыйным, - узгадаў архімандрыт Гаек.
Айцец Сяргей лічыць, што як тэолаг і катэхізатар айцец Леў Гарошка змог рэалізаваць сябе на Ватыканскім радыё. На падставе матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве папскай радыёстанцыі, беларуская даследчыца Алена Андросік, напісала доктарскую дысертацыю, у якой паказала, што айцец Леў быў выбітным тэолагам, глыбока перакананым у тым, што вера ў Бога – гэта аснова маральнага жыцця. Дактарат быў абаронены ў Люблінскім каталіцкім універсітэце на польскай мове, але цяпер ёсць ідэя перакласці яго на беларускую.
На думку архімандрыта Сяргея, Леў Гарошка быў уважлівым да актуальных выклікаў свайго часу: калі ў Савецкім Саюзе вера лічылася цемрашальствам, на падставе сваіх разважанняў на Ватыканскім радыё, ён выдаў кнігу “Навука і рэлігія”, у якой сабраў сведчанні пра Бога шматлікіх вялікіх навукоўцаў. Яна перавыдавалася некалькі разоў, што сведчыць пра запатрабаванасць такой літаратуры. І менавіта, каб падкрэсліць важнасць літаратурнай дзейнасці айца Льва Гарошкі, яго імем была названа бібліятэка пры грэка-каталіцкім Цэнтры праведнага Язэпа ў Мінску, - нагадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.